Навіны

Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк пазбаўляюць лістоў і перадач

Андрэй Шарэнда, муж Паліны, які з'ехаў з Беларусі ад пераследу, распавёў Свабодзе, што некаторы час таму Паліна пісала заяву на прыём перадачы, але атрымаць яе так і не змагла.


«Мы 2 тыдні збіралі так званую «рэжымную рэчавую перадачу», якая важыла 35 кг з дазволеных 50. Аднак яна вярнулася з закрэсленымі адрасамі і паметкай "не паложана". Пакуль незразумела, што там здарылася, але фактычна Паліну пазбавілі лістоў і перадач. Яна цяпер сядзіць без шматлікіх рэчаў. На двары холадна, ужо зіма хутка, а ў яе няма ні цёплай вопраткі, ні абутку, нічога», — кажа Андрэй Шарэнда.

Лістоў ад Паліны няма ўжо амаль месяц. Паводле Андрэя, адваката да ягонай жонкі пакуль не пускаюць. «Сказалі, няма магчымасцяў. І толькі, здаецца, на гэтым тыдні ён зможа да Паліны трапіць», — кажа актывіст.

У канцы верасня палітзняволеную ў трэці раз змясцілі ў ШЫЗА. На жанчыну ўжо было складзена чатыры рапарты нібыта пра парушэнне дысцыпліны ў папраўчай калоніі №4. Апошні рапарт — "за рукі ў кішэнях". Да гэтага адміністрацыя гомельскай жаночай калоніі, дзе Паліна адбывае пакаранне, паставіла яе на прафілактычны ўлік як «асобу, схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяваў».

Нагадаем, што Паліну Шарэнда-Панасюк, маці двух малалетніх сыноў, 9 чэрвеня суддзя Яўген Брэган пакараў 2 гадамі калоніі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу, пацярпелымі ад жанчыны суд прызнаў ажно 7 міліцыянтаў. Жанчына 2 разы адмаўлялася падпісваць прашэнне аб памілаванні.
Made on
Tilda