Судовыя паседжанні

2 месяцы арышту за «Жыве Беларусь» на «Табакерцы»

Прысудзілі ў Берасці
8 і 9 лютага 2023 года ў Маскоўскім судзе Берасця разглядалі крымінальную справу супраць 20-гадовага Джамбурыева Артура Аляксеявіча. Пракурор Мельнікаў, суддзя Таццяна Лаўрэнюк.

Хлопца абвінавачвалі ў тым, што ў ноч з 3 на 4 снежня 2022 года ён выйшаў з машыны сяброў на прыпынку «Ракасоўскага», а пасля намаляваў там на кіёску «Табакеркі» некалькі надпісаў: двойчы «Жыве Беларусь», адзін раз «ACAB», ды яшчэ адзін надпіс. Надпіс «Жыве Беларусь» хутка заўважылі міліцыянты ды «па гарачых слядах» затрымалі Артура. Цікава, што першапачаткова міліцыянт у сваім рапарце апісваў толькі надпісы «Жыве Беларусь».

«Шкоду» ад дзеянняў Артура налічылі на 18 беларускіх рублёў, вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы.

Пракурор прасіў прызнаць хлопца вінаватым па арт.341 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці), прапанаваў прызначыць 2 месяцы арышту. Па інфармацыі берасцейскай «Вясны», суддзя цалкам пагадзілася ды 9 лютага агучыла менавіта такі вырак.

На судзе Артур не быў пад вартай. Пасля агалошвання прысуду яму таксама не мянялі меру стрымання (такім чынам ён пакуль застаецца на волі).
2023-02-14 15:48