Жанчыне, якая гадуе 13 дзяцей, прысудзілі абмежаванне волі за каментар пра Лукашэнка
28-29 сакавіка 2022 ў пружанскім судзе разглядалася крымінальная справа адносна Вікторыі Онахавай-Жураўлёвай.
Жанчыну абвінавачвалі па ч.2 арт.367 КК. Суддзя Бальшакова, пракурорка Вераніка Манец. Згодна з версіяй абвінавачвання, Онахава-Жураўлёва пакінула ў тэлеграм-чаце "Пружаны" каментар з паклёпам на Аляксандра Лукашэнка. Цікава, што ўзгаданы чат ужо больш за год не існуе.
За інтэрнет-допіс пракурорка запрасіла жанчыне 3 гады "дамашняй хіміі". Суддзя менавіта такі вырак і вынесла.
Адзначым, што Вікторыя Онахава-Жураўлёва гадуе 13 дзяцей, 9 з якіх прыёмныя.