Як прайшла сустрэча з Алесем Бяляцкім у Варшаве на Міжнародным кніжным кірмашы
З 28 па 31 мая 2026 года на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве (PGE Narodowy) праходзіць Міжнародны кніжны кірмаш — адна з найбуйнейшых кніжных падзей у Еўропе. У межах гэтага кірмаша ёсць і беларускі стэнд «Салон „Вольная Беларусь“», арганізатарамі якога сталі Беларускі ПЭН, Цэнтр Беларускай Салідарнасці, Інстытут беларускай кнігі.
29 траўня, у другі дзень кірмашу, адбылася цэнтральная падзея беларускага стэнда — творчая сустрэча з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронцам і пісьменнікам Алесем Бяляцкім. Мерапрыемства было прысвечана кнізе «Алесь», выдадзенай «Полацкімі Лабірынтамі», якая з'яўляецца асабістым сведчаннем пра яго жыццё, пра змаганне і сілу слова ў часы рэпрэсій.
Гаворачы пра свой жыццёвы шлях і барацьбу за правы чалавека, Бяляцкі падзяліўся перажываннямі аб чатырох з паловай гадах, праведзеных у турме. Ён адзначыў, што самым цяжкім выпрабаваннем была неўсвядомленасць тэрміну, і дзень пры дні даводзілася пераадольваць цяжкую будзённасць. Параўнаўшы вызваленне з выхадам «з загазаванага пакою на чыстае паветра», ён падкрэсліў, што частка яго душы назаўжды засталася за кратамі. Асаблівую ўвагу праваабаронца надаў тэме абароны роднай мовы, распавёўшы пра факты катаванняў за кратамі менавіта за выкарыстанне беларускай мовы, а таксама пра тое, што беларусы не падтрымліваюць цяперашні рэжым і вайну ва Украіне.
Гаворачы пра сучасныя настроі ў грамадстве, Бяляцкі падзяліўся ўнутранымі звесткамі ад зняволеных (не толькі палітычных), якія сведчаць пра тое, што людзі на Беларусі перастаюць баяцца і ўсё больш адкрыта выказваюць сваю пазіцыю. Нягледзячы на ўвесь трагізм сітуацыі, ён заклікаў захоўваць аптымізм, заявіўшы публіцы: «Я бачу святло ў канцы тунэлю».
Сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу. Удзельнікі мелі магчымасць не толькі паслухаць Нобелеўскага лаўрэата, але і задаць яму пытанні. Раней у праграме кірмашу таксама была анансавана аўтограф-сесія Алеся Бяляцкага. Арганізатары адзначылі высокую цікавасць да асобы Алеся Бяляцкага, падкрэсліўшы, што яго прысутнасць стала адным з ключавых момантаў усяго беларускага стэнда і яшчэ раз нагадала пра важнасць барацьбы за свабоду слова ў Беларусі.
Трэба адзначыць, што на аўтограф-сесіі было шмат палякаў, якія набылі кнігу Алеся «Іртутнае срэбра жыцця», перакладзеную на польскую мову. Таццяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭНа, бачыць у гэтай зацікаўленасці палякаў Алесем і яго творчасцю добры знак: польскі народ будзе пра нас больш ведаць, пра наш менталітэт, пра беларускую культуру, літаратуру.