Навіны

Паліна Шарэнда-Панасюк ў кепскім стане этапавана ў ІЧУ Рэчыцы

Паліна Шарэнда-Панасюк, калі знаходзілася ў калоніі №24. Скрыншот відэа дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1»
Паводле мужа Паліны Андрэя Шарэнды, вестка прыйшла з гомельскага СІЗА №3 аб кепскім стане здароўя Паліны. У палітзняволенай абвастрыўся хранічны панкрэатыт, Паліну мучаць моцныя болі. Яна ўпершыню перадала родным, што з ёю вельмі дрэнна. Але цяжкі стан жанчыны не стаў перашкодай, каб па мінулагодняму сцэнару перавесці яе ў рэчыцкае ІЧУ. Хаця пакуль ідзе следства Паліна павінна была знаходзіцца ў СІЗА Гомеля.

Умовы ў рэчыцкім ІЧУ нашмат горшыя, чым ў СІЗА. Калі казаць па мінулагодняму вопыту, то там палітычным не даюць ні пасцельнай бялізны, ні саміх матрацаў, спаць на жалезных пласцінах шконкі немагчыма. З-за боляў у спіне, а цяпер яшчэ і ў жываце, Паліна не можа спаць на шконцы, толькі на падлозе, дзе заядалі ў мінулым годзе клапы. У камеры няма туалета, а выводзяць па патрэбе ў туалет толькі раз на суткі. Тады дапамагла вярнуцца назад у СІЗА абвешчаная галадоўка. Цяпер галадаць яна не зможа з-за абвастрэння хваробы падстраўнікавай залозы.

— Паліну патрэбна вызваляць любымі метадамі, пакуль яна жывая, — гаворыць Андрэй. — Але ў новую партыю толькі што вызваленых, у каго непаўнагадовыя дзеці, Паліна не ўвайшла, хаця да вызвалення падыходзіць па ўсіх крэтэрыях: цяжкая хвароба і непаўнагадовыя дзеці.

Нагадаем, што Паліна Шарэнда-Панасюк была асуджана на 2 гады калоніі, якія адбыла цалкам, але двойчы ёй працягвалі па году тэрміны за нібы злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі па арт.411. Зраза падоўжыць збіраюцца ў чарговы раз зноў за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі.

Андрэй Шарэнда звяртаецца да ўсіх праваабарончых арганізацый як Беларусі, так і міжнародных, ён просіць паратунку для сваёй жонкі Паліны, якую чакаюць іх двое непаўнагадовых сыноў.
Made on
Tilda