
Закансерваваны ў Беларусі савецкі лад мае ў сваім арсенале прымусовую працу звычайна ў красавіку ў выглядзе рэспубліканскага суботніка. У суботу 12 красавіка ў Бярозе шчыравалі на вуліцах бюджэтнікі і работнікі ЖКГ. Улада так упэўнена ў бескарыслівасці і патрыятызме бюджэтнікаў, што дадаткова вылічыла ў іх яшчэ аднадзённы заробак. Як сказаў адзін з маладых работнікаў, «пакаралі двойчы». На іншых прадпрыемствах вылічвалі толькі аднадзённы заробак без асабістага подзвігу з рыдлёўкай ці мятлой, праўда, вылічылі таксама не раючыся, а толькі ставячы перад фактам.
Што трэба ведаць грамадзяніну пра удзел у суботніку
Па-перашае, суботнік праводзіцца, зыходзячы з пастановы Саўміна, выключна на добраахвотнай аснове. Згодна з арт.137 Працоўнага кодэкса РБ, усе работнікі маюць права на выходныя дні. Таму адмова ад удзелу ў суботніку не з'яўляецца дысцыплінарным парушэннем. Наймальнік не мае права патрабаваць ад работніка прымусовага ўдзелу ў суботніку (арт.13 ч.2 ПК). Так што любы працаўнік можа проста сказаць: я ў гэты дзень хачу заняцца сабой і сям'ёй. І гэта будзе законна.