Судовы працэс над "групоўкай Аўтуховіча" працягваецца
Хадайніцтвы адвакатаў і падсудных ігнаруюцца суддзёй
10 жніўня 2022 года чарговы судовы дзень па справе Аўтуховіча паказаў, што і надалей хадайніцтвы адвакатаў і абвінавачваемых ігнаруюцца суддзёй Максімам Філатавым.
Напрыклад, на просьбу адваката Аўтуховіча, іншых адвакатаў і саміх падсудных прачытаць дапаўненні, якія тычацца зачытваемых пракурорамі матэр’ялаў следства, пракуроры катэгарычна адмовілі. Суддзя Філатаў іх падтрымаў. Вольга Маёрава хацела выказаць свае адносіны да прачытаных матэр’ялаў па тэлефонных размовах яе і Мікалая Аўтуховіча. Ёй груба перарвалі ды пасадзілі на месца.
Мікалай Аўтуховіч не ў стане быў адказваць на пытанні пракурораў стоячы, але яму не дазволілі зрабіць гэта седзячы, хаця усім было навідавоку, што ён вельмі кепска сябе адчуваў. Затое турэмны лекар запэўніў, што Мікалай Аўтуховіч можа адказваць стоячы. Тады Аўтуховіч наогул адмовіўся адказваць на пытанні.
Паводле Алены Гундар, ціск на падпісантаў звароту аб небяспецы іх жыццю працягваецца праз змяшчэнне ў карцар ці пагрозу змяшчэння туды. Так Уладзімір Гундар перадаў праз адваката, што хутчэй усяго яму зноў пагражае карцар з-за таго, што ці то прысеў не на той ложак, ці то не так прылёг на ложак.
Але яны трымаюцца, усміхаюцца прысутным родным, махаюць рукамі. Па асабістым меркаванні Алены, бачна, што справа развальваецца. Але гэта ў нармальным судзе, а тут, заўважна, што прысуд гатовы быў з першага дня ўзнікнення і штучна раздутага так званага тэрарызму.