Навіны

Акцыя ў падтрымку сталых людзей за кратамі

8 кастрычніка 2023 ў цэнтры Варшавы ля помніка Каперніку беларуская дыяспара правяла акцыю ў падтрымку палітвязняў сталага веку з нагоды трох угодкаў з дня правядзення марша «Мудрасці» ў Менску, які адбыўся 5 кастрычніка 2020 года.

Было шмат выступаў з аповедамі пра палітвязняў: былога старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва, пра Алену Гнаўк, Алу Зуеву з Бабруйска і іншых. Гаварылася пра тое, што з 51 палітвязня сталага ўзросту чвэрць з анкалагічнымі захворваннямі, палова з іх у цяжкім фізічным стане, палова з хранічнымі хваробамі. Палітычным створаны цяжкія ўмовы, а людзям сталага ўзросту яны невыносныя. Многія з іх могуць не выйсці. Паводле былога палітвязня Алега Кулешы, за 8 месяцаў, пакуль ён сядзеў, з яго будынка з двух атрадаў вывезлі 8 нябожчыкаў — кожны месяц па нябожчыку.

На акцыю прыйшлі людзі рознага ўзросту. Прахожыя звярталі ўвагу на інсталяцыю, дзе на дроце віселі здымкі палітвязняў сталага ўзросту, паказвалі знакі падтрымкі. Таксама быў плакат у падтрымку палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк перад выракам суду, які адбыўся 9 кастрычніка.

Таксама былі выказаны словы падтрымкі народу Ізраіля з нагоды тэрарыстычнага нападу баявікоў Сектара Газу.
Made on
Tilda