Навіны

Суддзя з Берасцейскай вобласці, якая знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ, змяніла прозвішча

У санкцыйных спісах яе новага імя (пакуль) няма
Злева: выява з тэлеграм-канала Берасцейскага абласнога суда, 18.09.2024. Справа: архіўнае фота з пашпартнай базы на імя Веры Філонік
Як мы заўважылі, суддзя раней вядомая як Філонік Вера Вячаславаўна, ўжо некаторы час таму змяніла імя на Маркіна Вера Вячаславаўна.

Яшчэ ў 2021 годзе Веру Філонік павысілі да суддзі Берасцейскага абласнога суда. У сакавіку 2024 года яна фігуруе адначасова і як Філонік, і ўжо як Маркіна (у судовых раскладах яшчэ як Філонік, але сацсеткі суда 1 сакавіка 2024 ужо прадстаўляюць яе як Маркіну). Ад траўня 2024 года і па сённяшні дзень сустракаецца ўжо толькі пад імём Вера Маркіна (ў тым ліку ў судовых раскладах).

Нагадаем, што за Верай Філонік (Маркінай) цягнецца доўгі шлейф жорсткіх палітычных прысудаў. Так, менавіта яна:
  • вынесла крымінальны вырак за надпіс "Избави нас от лукавого"
  • пакінула без зменаў прысуд Мікалаю Клімовічу і той пасля памёр за кратамі
  • асудзіла дзясяткі людзей за пратэсты жніўня-верасня 2020 года па крымінальных артыкулах
  • асудзіла маладую маці за здымкі вайсковай тэхнікі напачатку 2022 году
  • дала 9 гадоў былому сілавіку за чат "Жыве Лунінец!"
  • асудзіла да 6 гадоў калоніі за данаты беларускім ваярам (на баку Украіны)
Гэта толькі частка яе рэпрэсіўных рашэнняў. І за такія прысуды напрыканцы 2024 года жанчына трапіла ў санкцыйныя спісы Еўразвязу.

Праўда, для эфектыўнага выканання санкцый, важна каб усе імёны ды псеўданімы былі пазначаны ў санкцыйных базах.

Апроч Філонік (Маркінай), з 2020 года ў санкцыйныя спісы ЕЗ трапілі яшчэ некалькі суддзяў Берасцейскай вобласці: Вадзім Мазоль, Ніна Шастак, Андрэй Васілюк, Яўген Брэган, Віктар Новік. Усе пералічаныя трапілі пад санкцыі з-за сваіх рэпрэсіўных прысудаў.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
Made on
Tilda