24 лістапада 2022 года пачалі судзіць Сазонава Аляксандра Мікалаевіча і Васілеўскага Яўгена Сяргеевіча. Пра Сазонава вядома, што ён былы супрацоўнік міліцыі. Мужчын абвінавачвалі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу: незаконных дзеяннях ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных (ч.1 і ч. 2 арт. 203-1 КК), неправамерным завалоданні камп'ютарнай інфармацыяй (ч.1 арт. 352 КК), а таксама перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч.2 арт. 426 КК). Суд праводзіў суддзя Васіль Аўрусевіч.
Абодвух мужчын затрымалі ў Менску 27 лютага 2022 (у дзень рэферэндуму), пасля пакаралі арыштамі па арт.24.23 КоАП (несанкцыянаваны пікет ці масавае мерапрыемства).
У чым іх вінавацілі на судзе па крымінальных справе, невядома: справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Меркавана, гаворка магла ісці пра перадачу дадзеных аб сілавіках у пратэстныя ініцыятывы.
Суд цягнуўся (з перапынкамі) 2 месяцы. І ў выніку 23 студзеня 2023 года быў агучаны прысуд: абодвух мужчын прызналі вінаватымі па чатырох артыкулах. Васілеўскаму прысудзілі 2 гады калоніі і штраф 300 б.в. (11 100 рублёў). Экс-міліцыянту Сазонаву далі 3 гады калоніі і штраф памерам 500 б.в. (18 500 рублёў) з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцый прадстаўніка ўлады ў органах унутраных спраў, на тэрмін 5 гадоў. Акрамя таго, з абодвух абвінавачаных суд пастапавіў спагнаць 9100 рублёў як маральную кампенсацыю пацярпелым (а з Сазонава дадаткова 500 рублёў на карысць яшчэ аднаго пацярпелага).
Крыніца: артыкул «Вясны», удакладнены дадзенымі берасцейскай «Вясны».