Навіны

Трагедыя ў Драгічыне

Ілюстрацыйнае фота / На падставе выявы з Unsplash.com
Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал паведаміў пра забойства, якое адбылося ў Драгічыне падчас распівання спіртовых напояў.

Па дадзеных ад нашай крыніцы, гісторыя адбылася каля месяца таму, ахвярай стаў 35-гадовы Дзмітрый Целяшук, а смяротнае нажавое раненне прычыніў 60-гадовы Ф. (імя ёсць у рэдакцыі). Паміж мужчынамі ўзніклі разнагалоссі наконт таго, чыя «адсідка» больш аўтарытэтная. Целяшук лячыўся ў ЛПП — установа, дзе лечаць прымусова ад алкагалізма праз прымусовую працоўную тэрапію. Што малады чалавек палічыў турмой і выказаўся ганарліва пра сваё нядаўняе турэмнае вызваленне. Гэтае выказванне выклікала абурэнне мацёрага былога «зэка» Ф., які, адсядзеўшы 12 гадоў за забойства ў нецвярозым стане, год таму выйшаў на волю. Паміж мужчынамі завязалася сварка. За сваркай назіралі і іншыя аматары «гарачыльных» напояў. Таму з маладым «нахабнікам» пры сведках Ф. паступіў жорстка: нажом, якім рэзалі сала, ударыў у сэрца Целяшуку, пасля чаго выйшаў пакурыць.

Такія вынікі папоек у Беларусі сталі шэраговай з'явай. Нацыя співаецца, што таксама не з'яўляецца сакрэтам. Гарэлка ў беларускім грамадстве заняла, нажаль, галоўнае месца ў любых забавах і мерапрыемствах. Дзяржава ў гэтым бізнесе лідзіруе, і яе толькі для галачкі хвалюе барацьба супраць співання нацыі. Калі возьмем, да прыкладу, «лячэнне» Целяшука ад алкагалізму.

Але бяда не толькі ў гарэлцы. спадар Ф. быў на прафуліку ў драгічынскім аддзяленні міліцыі. За «палітычнымі» звышуважліва сочаць, каб нідзе ні ўлева, ні ўправа, каб ніколі, нічога, ні-ні. А нядаўна вызваленнаму Ф., выходзіць, было дазволена ўсё. Вось толькі вяртанне ў нармальны соцыюм яму было забаронена. У свой дом вярнуцца не мог, страціў сям'ю і дом за многія гады турэмнай адсідкі. На працу «зэкаў» бяруць неахвотна, тут яны на адным узроўні з «палітычнымі». Перабіваюцца выпадковымі заробкамі, добра, што пакойчык у інтэрнаце міліцыя «выбівае», як у выпадку і са спадаром Ф. Гэты пункт у праграме назірання і перавыхавання людзі ў пагонах усё -такі стараюцца здзяйсняць. А вось у астатнім калі-нікалі пальчыкам памахаюць, як паказвае практыка, і на гэтым перавыхаванне заканчваецца. А былыя «зэкі», непрыкаяна пабадзяўшыся на волі, нікому не патрэбныя, пагарджаныя, зноў імкнуцца ў месцы зняволення. Там не трэба думаць над побытавымі праблемамі, яны заўсёды маюць нары і міску з баландой, там яны свае і нават, бываюць, паважаныя ў сваім асяродку. А міліцыя ўздыхае з палёгкай: пазбавіліся чарговага галаўнога болю.

Толькі пытанне пра вынікі і якасць працы людзей ў пагонах, нанятых грамадствам за вялікія грошы, застаецца адкрытым, не кажучы, што з 2020 года паводзяць сябе з гэтым грамадствам нанятыя работнікі крайне нахабна.
Made on
Tilda