Навіны

Вясна не спыніць сваю праваабарончую дзейнасць негледзячы ні на што. Заява Берасцейскай Вясны з нагоды новай хвалі рэпрэсій

Затрыманыя ўчора праваабаронцы Вясны вельмі ясна разумелі, што гэты дзень (пасля так званага "чорнага аўторка" 16.02.2021) настане і свядома працягвалі працаваць у Беларусі. Гэта прынцыповая пазіцыя, якую мы бязмерна паважаем і якой захапляемся. Дзякуй калегам за адданасць правам чалавека і адвагу ў сваёй дзейнасці.


Праваабаронцы ў краіне і за яе межамі пераследуюць выключна легітымныя мэты. Сапраўдным матывам пераследу нас і нашых каллег з'яўляецца бескампрамісная барацьба за зацвярджэнне і прасоўванне правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў, супраць катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, а таксама дзеянні ў абарону права на жыццё, свабоды выказвання меркаванняў і мірных сходаў — у тым ліку цяпер, ва ўмовах глыбокага крызісу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Берасцейская філія, як і ПЦ "Вясна" агулам, выказвае рашучы пратэст з нагоды чарговай хвалі рэпрэсій у дачыненні да сябраў арганізацыі і супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі ў цэлым. Мы таксама заяўляем, што не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці.

🔸 Мы патрабуем неадкладна вызваліць затрыманых Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра і Ніну Лабковіч, Андрэя Палуду, Алену Лапцёнак і іншых праваабаронцаў і актывістаў.

🔸 Мы паўтараем патрабаванне вызваліць з-пад варты сябраў нашай арганізацыі Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу.

🔸 Мы патрабуем спыніць рэпрэсіі ў краіне і вызваліць усіх палітычных зняволеных.


Памятайце, сябры, што пасля цемры заўсёды наступае святло. Наша задача была і застаецца заўсёды — працягваць працаваць у імя правоў чалавека і свабоды. Вясна абавязкова прыйдзе!
Made on
Tilda