Пра людзей

Жана Доўмант: «Вяртанне ў Беларусь — гэта небяспека для жыцця»

Жана Доўмант з мужам на акцыі падтрымкі Украіны. Тут і далей фота прадстаўлены рэдакцыі Жанай Доўмант
У верасні 2026 года нам стала вядома, што 58-гадовая Жана Доўмант, якая разам з мужам Генадзем Гутарам пакінула Беларусь у 2021 годзе, сутыкнулася з загадам пакінуць Нямеччыну ў тэрмін да 15 кастрычніка. Рашэння аб міжнароднай ахове яны чакалі тры гады, і атрымалі адмову. Хаця жанчына перакананая: на радзіме ёй пагражае сур'ёзная небяспека.

Жана Доўмант — ураджэнка Паставаў Віцебскай вобласці. Мае інваліднасць II групы. 15 гадоў яна прапрацавала загадчыцай крамы. Муж 25 гадоў працаваў мытнікам на пастаўскай мытні. Але ў Нямеччыне муж захварэў на анкалогію, а яе не ўзялі на працу ні ў адну з 12 крамаў, куды яна звярталася, ні ва ўстанову па дагляду за сталымі людзьмі (хаця валодае нямецкай мовай). Жана стала займацца валантэрскай дзейнасцю ў суполцы Space-Eye, якая аказвае дапамогу людзям, што пацярпелі ад вайны ва Украіне. Таксама вяжа цёплыя шкарпэткі для жаўнераў украінскай арміі.

Па яе словах, беларуская міліцыя дасканала ведае пра дзейнасць іх пастаўскай групы 2020 года.
«Я не магу вяртацца, таму што міліцыя ведае пра нас усё. І пра нашыя акцыі, пра тое, што ўгаворвалі рабочых пастаўскіх прадпрыемстваў не выходзіць на працу, каб не плаціць рэжыму, і пра тое, што я пашыла 10-метровы сцяг для выхаду на вялікую акцыю 16 жніўня», — гаворыць Жана. «Яны не даюць спакою дачцы, якая жыве ў Паставах. Прыходзяць да яе, распытваюць пра нас. Дачка баіцца размаўляць са мною па тэлефоне, баіцца паведамляць, што прыходзяць, дазнаешся праз трэція рукі. Адным словам, калашмацяць, хаця дачка мае іншыя палітычныя погляды і жыве звычайным жыццём, далёкім ад палітыкі».
Трагічны лёс напаткаў яе мужа Генадзя Гутара. Яго завочна асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі. Падставай стаў фотаздымак, зроблены ў Менску, на якім былі зафіксаваныя 13 чалавек. Усе яны атрымалі прысуды, і толькі Жана пазбегла пакарання. Аднак гэта не азначае бяспекі: яны з мужам значацца ў Беларусі на стэндзе «іх шукае міліцыя».

Пасля адмовы ў міжнароднай абароне, сям'я не спыніла барацьбу: былі таксама звароты асабіста да Святланы Ціханоўскай і яе прадстаўнікоў у Нямеччыне, але яны пакуль не далі вынікаў. У канцы 2025 года Генадзь Гутар памёр, пакінуўшы Жану адну.

Нямецкія адвакаты, нанятыя за асабістыя сродкі, кажуць, што трэба афіцыйныя дакументы пра завочнае асуджэнне мужа. Але дзе ўзяць гэтыя дакументы, калі пры завочных прысудах яны проста публікуюцца на інтэрнэт-сайце Вярхоўнага суду. Патрабуюць афіцыйныя паперы пра тое, чаму аб'яўлены ў вышук. Але такія афіцыйныя паперы таксама атрымаць немагчыма. Да справы Доўмант далучылася група праваабаронцаў «Вясны». Яны пачалі актыўную працу, каб дапамагчы жанчыне. Але пагроза высылкі застаецца.

Сітуацыя Жаны Доўмант — гэта яшчэ адзін прыклад таго, як беларусы, што вымушана пакінулі краіну праз палітычны пераслед, не могуць разлічваць на бяспечнае вяртанне і сутыкаюцца з цяжкасцямі ў пацверджанні гэтага факта.

Гісторыя Жаны Доўмант падкрэслівае неабходнасць міжнароднай падтрымкі для тых, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. А з нямецкай зямлёй яе злучыла магіла любімага мужа, дзе ён знайшоў апошні спакой.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
Made on
Tilda