Іншыя артыкулы

Пажар у Бярозе, які забраў жыццё

Гэты пажар адбыўся 10 кастрычніка 2025 года ў пяціпавярховым доме па вуліцы Леніна 11А. Выгарэлі дзве кватэры на першым і другім паверсе ў пад'ездзе №3. Як успамінаюць жыхары гэтага дома, выбух у кватэры на першым паверсе адбыўся ў дзве гадзіны ночы. Узарваўся кітайскі акумулятар ад электраровара, які сын гаспадара паставіў для зарадкі ў залу. Агонь распаўсюдзіўся імгненна і на кватэру вышэй на другім паверсе. Прыехалі дзве пажарныя машыны, і адна з іх стала тушыць агонь вадой на першым паверсе. Кажуць, што не прафесійна сталі тушыць. Адкрылі ўваходныя дзверы на лесвіцу, стварылі скразняк, а пажар быў на процілеглым баку вялікай трохпакаёвай кватэры. Копаць і дым адразу распаўсюдзіліся па пад'езду. Людзей ужо выцягвалі праз вокны. На пажар у кватэры наверсе пажарнікі не звярнулі ўвагі, пакуль не сталі крычаць людзі і тузаць пажарніка за рукаў. Падагналі другую пажарную машыну, але вады хапіла на пару «качкоў», то бок другая пажарная была практычна пустая. Таму кватэра на другім паверсе выгарэла так моцна як і першая. А жыхары вуліцы Паўднёвай – прыватнага сектара – скардзяцца, што бярозаўскія пажарнікі спустошылі ў іх калодзежы. Квапяцца на дармаўшчыну нашы пажарнікі ці як гэта зразумець? І чаму тушацца пажары да гэтага часу па старынцы вадой, а не пенай, якая не знішчае так не згарэлую частку.

І самае страшнае адбылося — гэта смерць аднаго з пажарнікаў, якія тушылі пажар: падвяло сэрца. Тады ўзнікае пытанне: як пажарнікі праходзяць медычнае абследаванне, калі медыкі не заўважылі хваробу сэрца ў таго, хто працуе ў небяспечных умовах. А 50-гадовы мужчына мог бы яшчэ жыць і жыць.
Мясцовая раёнка звярнула ўвагу, што пажарнікі выратавалі 86-гадовую бабулю з трэцяга паверха, дарэчы, якую не трэба было б ратаваць, каб яна не выйшла пацікавіцца падзеямі ва ўжо задымлены калідор, хаця своечасова паступілі папярэджанні, каб з гэтых кватэр людзі не выходзілі. Іх кватэры былі ў бяспецы. А пра галоўныя праблемы прапагандысты не сказалі ні слова, як заўсёды.

Але, як скардзяцца людзі з гэтага пад'езда, пажар нічому не навучыў жыхароў кватэры 27: мужчына носіць на зарадку аналагічны акумулятар, на заўвагі пагарэлага суседа, што не трэба так рабіць, не зважае. Як спыніць такую небяспеку, людзі не ведаюць, а бяда можа паўтарыцца.
2026-04-02 18:28