Навіны

Беларускія Дзяды ў Польшчы

У Кракаве беларусы наведалі магілы выбітных беларусаў

Злева: магіла Адама Кіркора. Справа: магіла Алеся Гаруна. Кракаў, ракавіцкія могілкі, 30.10.2022.

Надыходзяць лістападаўскія Дзяды. Гэта дні памяці, смутку, дні яднання са сваім родам. Напярэдадні свята Дзяды беларусы Кракава наведалі магілы беларускіх выбітных асоб, якія знайшлі свой апошні спачын на польскай зямлі. Паводле ўдзельніцы і арганізатаркі мерапрыемства Любові Кавальчук, у Кракаве на Ракавецкіх могілках пахаваны 5 беларускіх выбітных асоб. Гэта:
  • беларускі літаратар Алесь Гарун;
  • Зыгмунт Урублеўскі, прафесар Ягелонскага ўніверсітэта, які вынайшаў вадкі кісларод;
  • Эмерык Гутэн-Чапскі, калекцыянер-нумізмат, палітычны дзеяч, заснавальнік аднаго з кракаўскіх музеяў. Бацька мэра Менска Караля Чапскага;
  • Ян Эдвард Ваньковіч, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў;
  • этнограф, археолаг, гісторык, публіцыст Адам Кіркор.

Ёсць і помнік ахвярам камунізму, куды пастаянна прыходзяць людзі, бо заўсёды шмат лампадак.

Справа: помнік «Ахвярам камунізму». Злева: помнік украінцам, паўстанцам і цывільным, загінулым у 1919-1921 годзе ў лагеры Dąbie. Кракаў, ракавіцкія могілкі, 30.10.2022.

Прыцягвае ўвагу помнік загінулым у паўстанні 1863 года. На баку помніка ёсць выява «Пагоні». Ля магілы Алеся Гаруна ўдзельнікі акцыі чыталі вершы паэта, спявалі гімны «Магутны Божа» і «Пагоня».

«Напэўна, Гаруну было прыемна на нябёсах чуць, што беларусы ў гэты дзень ля яго і спяваюць нацыянальныя гімны», — кажа Любоў Кавальчук. Яна ўпэўнена, што такія акцыі падчас «Дзядоў» патрэбны не толькі спачылым продкам, але і жывым беларусам для усведамлення свайго агульнага роду пад назвай «беларусы».

Беларускія дыяспары будуць адзначаць свята Дзяды ў многіх гарадах Польшчы. Удзельнікі мерапрыемства наведаюць месцы пахаванняў сваіх суайчыннікаў.
Made on
Tilda