Навіны

Паставіў «клас» сатырычнаму перакладу часткі фільма «Бункер»

Там персанаж Гітлера незадаволены «рэйтынгам у 3%»

Злева направа: Сяргей Серада, Аляксандр Сарока, Ігар Парфенюк. Паводле паведамленняў ад 23.11.2022, усе трое маглі быць затрыманыя. Усе працуюць на адным берасцейскім прадпрыемстве

24 лістапада 2022 года тэлеграм-канал, за якім меркавана стаіць берасцейскі ГУБАЗіК, апублікаваў чарговае «пакаяннае відэа». На ім Сяргей Серада паведамляе, што «затрыманы за экстрэмісцкія матэрыялы і распаўсюд нацыстскай сымболікі». Далей у відэа паказваюцца скрыншоты з сацсетак мужчыны. З іх вынікае: 8 чэрвеня 2020 ў «Аднакласніках» Сяргей паставіў рэакцыю «клас» відэа з назвай «Эпічная агучка пра 3% і апошнія падзеі ў Беларусі».

Відэа «Эпічная агучка пра 3% і апошнія падзеі ў Беларусі»
Гэта сатырычны пераклад часткі фільму «Бункер» (сам фільм з'яўляецца мастацкай стужкай пра Адольфа Гітлера і яго паплечнікаў-нацыстаў). У беларускім «перакладзе» падначаленыя Гітлера з бояззю паведамляюць таму, што ў таго рэйтынг 3% у інтэрнэт-апытанках, узгадваюцца Бабарыка ды Ціханоўскі, чэргі на перадвыбарчых пікетах.

Сілавікі падкрэслілі на скрыншотах з відэа нацыстскія сымбалы: павязку са свастыкай на адным з салдат, стылізаваны элемент адрознення афіцэра SS. Відавочна, за гэтае хочуць распачаць адміністрацыйную справу па арт.19.10 КоАП (Публічная дэманстрацыя з мэтай распаўсюду нацыстскай сымболікі).

Нагадаем, што на дзень раней, 23.11.2022 берасцейскі праўладны блогер паведаміў пра затрыманні ў «Берасцейскім аўтапарку» (з нядаўніх часоў афіцыйна называецца КУП «Берасцейскі грамадскі транспарт»). Пазней дзяржаўнае выданне «Брестский вестник» выпусціла «абвяржэнне фэйку», дзе спасылаючыся на словы гендырэктара прадпрыемства Царука, паведамілі што 22 ці 23 лістапада затрыманняў не было, але ж сапраўды прыходзілі сілавікі на прадпрыемства. Цікавасць праўладнага блогеру (а далей, магчыма, і сілавікоў) выклікалі галоўны ідэёлаг прадпрыемства Ігар Парфянюк, кіраўнік аўтакалонны Сяргей Серада, кіраўнік адзелу Аляксандр Сарока.
Made on
Tilda