Судовыя паседжанні

Бяроза: новы суд за каментар пад відэа пра затрыманне Зэльцэра [Абноўлена]

Судзяць шматдзетную маці

Суддзя Алена Нямкова

27 ліпеня 2022 ў судзе Бярозаўскага раёна пачаўся разгляд крымінальнай справы па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (абраза службовай асобы пры выкананні службовых абавязкаў). На гэты раз абвінавачваецца 39-гадовая шматдзетная маці з Белаазёрска Хрысціна Чайчыц за каментар у закрытым Тэлеграм-чаце пад назвай «Аджарскі ваяж. Грузія» пад відэа пра затрыманне айцішніка Андрэя Зэльцэра людзьмі ў чорным, якія, як высветлілася пазней, аказаліся работнікамі КДБ.

Пад эмоцыямі страшнага відовішча, калі людзі ў чорным з крыкам «міліцыя» адразу пачынаюць выбіваць дзверы і ўрываюцца ў кватэру, калі яшчэ жывыя ўспаміны тэрору з боку міліцыі над гараджанамі і самой Хрысцінай пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, жанчына напісала:
«Так, яны вылезлі з пісталетамі, каб застрашыць і не падумалі, што па іх будуць страляць. А тут такое. Шкада сям´ю. Нідзе нам няма сховішча ад гэтых стварэнняў (у арыгінале: тварюг). Мой дом — ужо не мая крэпасць. Хачу ў Тэхас».
Вядзе працэс суддзя Алена Нямкова.

Ключавым для абвінавачвання стала слова «стварэнняў – тварюг».

Трэба адзначыць, што з самага пачатку Чайчыц гаварыла так, як было на самай справе: «напісала пад эмоцыямі таго, што адбылося. Навошта адразу страляніна, якая прывяла да трагедыі. Я не мела на ўвазе загінулага Дзмітрыя Федасюка, я мела на ўвазе іх усіх».

Але дзяржаўная абвінаваўца была суперактыўнай. Яна бясконца задавала накіроўваючыя пытанні і ў выніку так заблытала абвінавачваемую, што тая стала паддакваць так, як патрэбна дзяржабвінаваўцы – работніцы Бярозаўскай пракуратуры. Вось апошні допыт у судзе абвінаваўцай:
Вы аставілі каментарый пад чым?
— Пад відэа.
— Пад відэа. Дзе супрацоўнік выконвае службовы доўг і гіне, так?
— Так.
— КДБ. Супрацоўнік КДБ Рэспублікі Беларусь. І пры гэтым здзяйснялася ім службовая дзейнасць і быў ён са сваімі калегамі, так?
— Так.
— Той каментар, які вам прад´яўлены у абвінавачванні пісалі менавіта вы.
— Так.
— Вы прызнаеце тое, што ён не суадносіцца з нормай маралі. У непрыстойнай форме абражае. Каго абражае?
— Супрацоўнікаў КДБ.
— Вось такое яшчэ удакладняючае пытанне: сярод гэтых супрацоўнікаў КДБ быў у тым ліку супрацоўнік Федасюк. Па якому прынцыпу вы яго выдзяляеце з групы супрацоўнікаў КДБ, якія аднамаментна з Федасюком увайшлі ў кватэру, дзе быў Зэльцэр і які страляў у групу супрацоўнікаў КДБ. Па якому прызнаку вы можаце выдзеліць Федасюка? І чаму вы шкадуеце ў каментары толькі сям´ю Зэльцэра, а не Федасюка?

Хаця ў каментары няма, чыю сям´ю шкадуе Хрысціна Чайчыц. Гэта па-першае. А па-другое, трагедыя здарылася 28 верасня 2021 года, а каментар напісаны 29-га, калі відны ў відэа толькі дзеянні, а яшчэ грамадства не ведала ўсіх абставін справы. Але дзяржабвінаваўца так дамагаецца патрэбнага выніку, што задае пытанні без перадыху. Ёй патрэбна, каб абвінавачваемая прызнала тое, што каментар накіравала ў бок адной асобы — загінулага Дзмітрыя Федасюка. Бо артыкул 369 гаворыць аб пакаранні за адну асобу, якую Чайчыц не назвала ў каментары. Ну а па-трэцяе, «стварэнні або тварюгі» хоць і грубы ў дадзеным варыянце маюць кантэкст, але не з´яўляюцца ненарматыўнымі. Як тут не ўспомніць біблейскі выраз: «каждой твари по паре».

А па-чацвёртае, сітуацыя пакарання за каментары супраць службовых асоб – гэта злоўжыванне дыфамацыйнымі артыкуламі. Дыфамацыя — распаўсюд зняважлівай інфармацыі праз СМІ. У адрозненне ад паклёпу дыфамацыя выражаецца ў тым, што можа распаўсюджвацца не толькі ілжывая інфармацыя, але і аб´ектыўная. Крымінальны кодэкс РБ утрымлівае 6 артыкулаў за дыфамацыю. З із 4 абараняюць дзяржслужачых. Крымінальны кодэкс РБ устанаўлівае больш жорсткае пакаранне за абразу і паклёп асобы з пасадай, нягледзечы на тое, што яна і так надзелена ў Беларусі асобнымі паўнамоцтвамі і абсурдна яе адносіць да слабаабароненых і ўразлівых. Звычайны чалавек менш абаронены, чым асоба пры пасадзе. Паводле праваабаронцаў, дыфамацыю трэба рашаць у рамках грамадзянскага працэса.

Суд над Хрысцінай Чайчыц, якая ўжо і так пакарана звальненнем з працы, працягнецца 28 ліпеня.

Абнаўленне 28.07.2022 12:00: Дзяржабвінавачанне запатрабавала для Чайчыц 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (так званая "дамашняя хімія"), а таксама спагнаць 1600 рублёў штрафа (50 базавых велічынь). Ну й, на думку абвінаваўцы, трэба "канфіскаваць тэлефон як сродак здзяйснення злачыну".

Абнаўленне 29.07.2022 11:40: у той жа дзень, 28 ліпеня, суддзя агучыла вырак: як і прасіла дзяржабвінавачанне.
Made on
Tilda