Навіны

Чарговая акцыя беларусаў у Варшаве

Халоднае надвор'е не спыніла беларусаў Варшавы 6 красавіка 2025, каб сказаць публічна сваё «не» ганебнаму святу 2 красавіка, так званаму саюзу Пуціна і Лукашэнкі. Выступоўцы гаварылі пра тое, што беларусы — еўрапейская нацыя, а саюз Беларусі і Расіі — гэта проста ганьба для еўрапейскай Беларусі.

Таксама беларусы выказалі салідарнасць з сённяшнімі палітвязнямі і асудзілі катынскі расстрэл, які пачаўся ў пачатку красавіка і скончыўся ў траўні 1940 года. Савецкім НКУС тады было расстраляна каля 22 тысяч польскіх палонных, сярод якіх былі і беларусы.

Гаварылася і пра бягучыя падзеі. Што немагчыма не думаць пра толькі што забітых дзевяць дзяцей з Крывога Рога «высокадакладнай» расійскай зброяй. Што немагчыма не думаць пра тое, што тысячы самых лепшых беларусаў мучацца ў турмах Лукашэнкі з дапамогай Расіі.

Па традыцыі дзеці разам з вядучым акцыі Васілём Плешкуновым выканалі песню «Не быць скотам!». Ім дапамагалі дарослыя ўдзельнікі акцыі з боку слухачоў.

На гэты раз не абыйшлося без непрыемнага моманту, калі полька сярэдняга веку хуценька прабегла паўз першую шарэнгу ўдзельнікаў акцыі са словамі: «Вы супраць Лукашэнкі, сыходзьце адсюль».

Акцыя скончылася на аптымістычнай ноце. Усе выступоўцы гаварылі, што перамога будзе за носьбітамі справядлівасці і правапарадку, што Беларусь будзе вольнай краінай, у якой слова «палітвязні» застанецца толькі на музейных старонках. Па традыцыі быў зроблены агульны фотаздымак для гісторыі.
Made on
Tilda