Іншыя артыкулы

Грошы з бліжэйшага суботніка пойдуць на берасцейскі «патрыятычны цэнтр»

Там падлеткаў вучаць кіраваць баявымі дронамі-камікадзэ
25 кастрычніка 2025 ў Беларусі адбудзецца чарговы ўсеагульны суботнік. Па Берасцейскай вобласці ўлады разлічваюць сабраць больш за 2 млн рублёў. Палова ад сабранай сумы пойдзе ў Менск (на стварэнне новага музею), а палову пакінуць у вобласці на дальнейшае пашырэнне "моладзева-патрыятычнага цэнтру" ў Берасці.

Гэты цэнтр з'явіўся ў 2018 годзе на тэрыторыі Берасцейскай крэпасці. Для яго адкрыцця грошы ўжо збіралі з суботнікаў. У 2023 годзе ўлады заявілі пра планы пашырыць цэнтр: праганяць праз яго не 450 падлеткаў за год, а да 500 на месяц. З суботніка 2023 года назбіралі яшчэ каля 7 млн рублёў. Выконваць будаўнічыя працы прывозілі студэнтаў. Летам 2025 года афіцыйна скончылася першая чарга работ па пашырэнню, і цяпер у цэнтры хапае месцаў, каб размяшчаць 7 тысяч чалавек штогод (пра гэта распавёў старшыня аблвыканкаму Пётр Пархомчык). Той жа Пархомчык заявіў, што галоўная мэта цэнтру — "патрыятычнае выхаванне моладзі".

Зборка і разборка аўтаматаў, страляніна, сімулятары баявых FPV дронаў

Па стане на сёння цэнтр прымае шкаляроў са школ усёй Берасцейскай вобласці. Дзеці праводзяць некалькі дзён, жывучы ў цэнтры. Цэнтр выстаўляе ў сваіх сацсетках фатаграфіі, што робяць падлеткі па паграме цэнтра. Так, звычайна можна заўважыць кадры з экскурсіі па крэпасці, страявыя заняткі, заняткі па фізічнай падрыхтоўцы, навучанне першаснай медычнай дапамозе.

Але на адным з апошніх заездаў дзяцей, відаць, навучалі асаблівасцям кіравання баявымі FPV дронамі. Ёсць фотаздымкі лекцыі (дзе глядзяць відэа пра дроны). А таксама ёсць фотаздымкі, дзе дзеці сядзяць перад камп'ютарамі, а на застаўцы надпіс і лагатып FPV kamikaze drone.
FPV kamikaze drone — сімулятар кіравання баявым FPV дронам расейскай рапрацоўкі, які можна набыць у краме гульняў Steam. Гэтую распрацоўку часам раіць расейскі ДОСААФ як адзін з этапаў падрыхтоўкі аператара баявых дронаў перад адпраўкай на вайну. Гульня ўвогуле не мае сюжэту, не мае нейкай сістэмы гульнявых элементаў кшталту збірання балаў — гэта менавіта сімулятар кіравання БПЛА з імітацыяй канкрэтных баявых задач (знішчэнне БТР у полі ці на ўскрайку леса, знішчэнне пяхоты на дахах будынкаў ці на невялічкай лодцы).

Пры тым, што беларускія ўлады цалкам забаранілі выкарыстанне грамадзянскіх дронаў фізічнымі асобамі (за гэта прадугледжана адміністратыўная, а на другое парушэнне і крымінальная адказнасць), выглядае што адзіным дазволеным для насельніцтва спосабам выкарыстоўваць дроны — ісці ў армію ды выконваць з імі ваенныя задачы.
А тую ж групу дзяцей у "моладзева-патрыятычным цэнтры", апроч кіравання дронамі-камікадзэ, таксама вучылі збіраць-разбіраць аўтаматы і страляць з іх.

Раней журналісты высветлілі, што за стварэнне цэнтру адказваў "рускамірац", і ён жа быў першым кіраўніком арганізацыі.
2025-10-24 01:13