Навіны

У Баранавічах, відаць, прадаюць гараж рэпрэсаванага

На аўкцыёне арыштаванай маёмасці
Справа: Барыс Крыцкі, фота Dissidentby. Злева гараж, фота з сайта e-auction.by
На сайце «БелЮрЗабеспячэння» выстаўлены лот, уладальнікам якога пазначаны поўны цёзка Барыса Крыцкага. Гэта жыхар Баранавічаў, якога ў канцы 2024 года судзілі па двух артыкулах, якія часта выкарыстоўваюцца ў палітычных прысудах.

Лотам з'яўляецца гараж на 17.4 м2 па вуліцы Вільчкоўскага ў Баранавічах. Стартавая цана 2520 рублёў. Таргі прызначаны на 13 лістапада 2025, да таго часу збіраюцца заяўкі на ўдзел у аўкцыёне.

Справу Крыцкага Барыса Мікалаевіча, як вынікала з раскладу судоў, разглядалі з 28 кастрычніка да 4 лістапада 2024 года ў Берасцейскім абласным судзе. Мужчыне закідвалі ч.1 і ч.3 арт.130, ч.1 ды ч.2 арт.361-4 КК (Распальванне варожасці, Садзейнічанне экстрэміцскай дзейнасці адпаведна).
Нагадаем: беларускія ўлады вельмі шырока трактуюць «распальванне варожасці» (і часта пад гэта трапляюць проста эмацыйныя каментары пра сілавікоў). Апроч таго, беларускія ўлады выкарыстоўваюць абвінавачанні ў «экстрэмізме» для цэнзуры і палітычных рэпрэсій.
Прысуд набыў моц, і на яго падставе беларускія ўлады аб'вясцілі Крыцкага «экстрэмістам» і нават «тэрарыстам» (уключаны ў адпаведныя спісы, якія вядзе МУС і КДБ, і якія пасля 2020 года выкарыстоўваюцца для дадатковага ціску на рэпрэсаваных). Праваабаронцам на дадзены момант невядомы дакладны прысуд, якія вынеслу Крыцкаму, але мяркуючы па абставінах, яму далі пазбаўленне волі і грашовае спагнанне.
Made on
Tilda