Навіны

Паліну Шарэнду-Панасюк накіравалі ў чарговы раз у «Навінкі»

Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: асабісты архіў сям'і Шарэндаў
Не сёння-заўтра палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк этапам адправяць у Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя «Навінкі». Такую інфармацыю перадаў нам муж Паліны Андрэй Шарэнда. Паліна знаходзіцца ў гомельскім СІЗА. Супраць яе ўзбуджана ўжо трэці раз крымінальная справа па арт.411 (Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). У гомельскае СІЗА яна трапіла з калоніі №24 у Зарэччы. Палітзняволеную ўжо чацвёрты раз накіроўваюць на псіхіятрычную экспертызу за час яе зняволення. У трэці раз накіроўваюць у «Навінкі».

Па словах Андрэя Шарэнды, не страшная сама экспертыза, страшны этап. Першы раз Паліну з Гомеля ў «Навінкі» везлі 9 дзён, другі — 18. Пад час этапу яна мяняе 2-3 СІЗА. У такую спёку рабіць «кругасветку» па ўсё Беларусі, мяркуе Андрэй, — гэта бязлітаснае катаванне.

Нагадаем, што Паліна ў 2021 годзе была пакарана 2 гадамі калоніі агульнага рэжыму. Яна ўжо адбыла тэрмін у 4 гады пазбаўлення волі. Да яе ўжо двойчы прымянялі крымінальны артыкул 411. Цяпер тэрмін збіраюцца падоўжыць яшчэ на год, нягледзячы, што жанчына выканала ўсе іх ўмовы: напісала прашэнне аб памілаванні і знялася ў відэа для прапагандыстаў.
Made on
Tilda