Судовыя паседжанні

У Бярозе пачалі судзіць па «справе Зэльцэра» Віктара Хлябца

Мужчыну з інсуліназалежным дыабетам затрымалі яшчэ 26 лютага, і дагэтуль трымаюць за кратамі

Віктар Хлябец з Белаазёрску

21 ліпеня 2022 ў судзе Бярозаўскага раёна пачаўся працэс па крымінальнай справе актывіста з Белаазёрска, 40-гадовага Віктара Хлябца. Яго абвінавачваюць па артыкуле 369 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь (абраза службовай асобы пры выкананні службовых абавязкаў).

Па версіі, зачытанай пракурорам Бярозаўскай пракуратуры Аляксандрам Круцько ў судовым працэсе, Хлябец пад нікам «Гога» 28 верасня 2021 года пасля забойства праграміста Андрэя Зэльцэра і гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка пакінуў абражальны запіс у Тэлеграм-чаце пад назвай «Аджарскі ваяж. Грузія». Па версіі пракурора Круцько, каментар:
«і наадварот, яны нібы падштурхоўваюць. На жаль, чалавек загінуў, але мусара задумаюцца, карацей — мінус адзін мусар», —
ўтрымлівае прыніжэнні гонару і годнасці асобы з мэтай нанясення шкоды аўтарытэту дзяржаўнай уладзе. Паведамленне супярэчыць агульначалавечай маралі, устаноўленым правілам зносін між людзьмі.

Віктар Хлябец прызнаў, што быў у чаце, меў нік «Гога», але сказаў, што нікі часта мяняліся, што падцвердзілі і сведкі, якія таксама былі ў чаце. Наконт каментара сказаў, што не памятае, віны не прызнае. Мужчына хварэе на цукровы дыябет, інсуліназалежны, мае інваліднасць. Але яго затрымалі 26 лютага 2022 і змясцілі ў ІЧУ Бярозаўскага РАУС. 1 сакавіка Хлябец быў пераведзены ў СІЗА №6 Баранавіч, дзе знаходзіцца да гэтага часу.

Сведкі маці і сястра Хлябца адмовіліся ад сведчанняў, спасылаючыся на арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які дае права не сведчыць супраць самога сябе і сваіх блізкіх. Іншыя чацвёра сведак сказалі толькі тое, што яны прымалі ўдзел у чаце, а пра тое, хто аўтар каментара, не могуць сказаць нічога.

Пракурор Аляксандр Круцько. Крыніца фота: бярозаўскае раённае выданне "Маяк"

Пракурор Круцько, які задаваў пытанні пад час усяго судовага працэсу, запатрабаваў 1.5 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму без штрафа. Тэрмін адбывання ў СІЗА залічыць у тэрмін зняволення.

Адвакат Павел Алесік лічыць, што справу трэба спыніць па прычыне недаказаннасці віны, а Віктара Хлябца апраўдаць. Паколькі не ўстаноўлена, што каментар напісаў Хлябец, не ўстаноўлена канкрэтнай асобы, якую абразілі ў каментары, не ўстаноўлена таксама ў каментары прысутнасці ненарматыўнай лексікі.

Старшыня суда Наталля Вакульчык, якая вядзе працэс, прыняла рашэнне аб узнаўленні судовага следства і запрашэнні ў суд для допыту эксперта. Суд працягнецца 28 ліпеня ў 11 гадзін.
Made on
Tilda