Навіны

Анатоль Прышчык выйшаў на волю

Пасля жорсткіх 15 сутак у ІЧУ
Выгляд Анатоля Прышчыка пасля адбыцця 15 сутак у ІЧУ. Фота прадастаўлена Віталем Каліноўскім
74-гадовы Анатоль Прышчык з Мікашэвічаў выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту. Падрабязнасці распавёў берасцейскай «Вясне» ягоны сын Віталь.

Пенсіянер Анатоль Прышчык адбываў свой арышт у ІЧУ Лунінецкага РАУС. Сядзеў стары чалавек на жорсткім рэжыме, як для ўсіх палітычных: без пасцельных прыналежнасцяў, ні матраца, ні падушкі, ні коўдры не было выдадзена. З прадметаў гігіены таксама нічога не давалі і не ўзялі перадачу ў дачкі з гэтым. Наогул не ўзялі ні цёплага адзення, ні прадуктаў, ні вады, толькі таблеткі і акуляры. Два тыдні без прагулак, без душа. Добра, што затрымалі на вуліцы, калі пенсіянер быў у цёплай вопратцы — у ёй ўсе 15 сутак спаў на жалезных палосках нар.

Уначы двойчы падымалі, каб стары і двое іншых палітычных выгукнулі, хто яны і па якім артыкуле адбываюць пакаранне. Днём трэба было высунуць рукі ў «кармушку» тройчы, каб надзелі кайданы, затым выводзілі ў калідор, ставілі ля сцяны з той жа справаздачай.

За такі сэрвіс на «сутках» хвораму пенсіянеру трэба яшчэ будзе заплаціць 300 рублёў, амаль палову пенсіі.

Нагадаем, што былы сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і актывіст Анатоль Прышчык быў затрыманы 12 лютага 2024. Пазней яго асудзілі па ч.2 арт.19.11 КоАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за колішнія лайкі ў «Аднакласніках» пад інфармацыяй пра зямлячку Святлану Ціханоўскую, якая родам з Мікашэвічаў (Лунінецкі раён). Суддзя лунінецкага раённага суда Вікторыя Жук не звярнула ўвагі на медычныя заключэнні аб цяжкіх захворваннях Анатоля Прышчыка, таксама праігнаравала і хадайніцтва аб дрэнным стане здароўя яго жонкі, якое было далучана да справы, падзяліўся набалелым сын Анатоля Прышчыка Віталь Каліноўскі.
Made on
Tilda