18 кастрычніка 2025 года ў Беларускім Доме Варшавы прайшоў чарговы сойм Руху Салідарнасці «Разам». У парадку дня паседжання напачатку было толькі адно пытанне: «Беларуска-польскія ўзаемадачыненні. Рэпрэсіі супраць палякаў у Беларусі». Па ходу сустрэчы ў павестку дадалося яшчэ адно пытанне для вырашэння. У паседжанні ўзялі ўдзел 15 сябраў у Варшаве і 8 — анлайн па відэасувязі.
Сярод удзельнікаў быў берасцеец Аляксандр Сахарук (былы добраахвотнік, які ваяваў на баку Ўкраіны; таксама мужчына вядомы па фота з выбараў 2020 года, калі на вуліцы на табурэтцы назіраў праз бінокль за выбарчым участкам у Берасці).
Галоўнымі спікерамі сустрэчы былі сябры Руху Зміцер Лупач і Вячаслаў Сіўчык. У сваіх дакладах яны звярнулі ўвагу на рэпрэсіі супраць польскай меншасці ў Беларусі, у тым ліку і на Андрэя Пачобута, які знаходзіцца за кратамі Лукашэнкі ў вельмі цяжкіх умовах. Для чалавека з не вельмі добрым здароўем, а Пачобут мае хранічныя захворванні, гэта рызыка жыццём. Гаварылася пра тое, што добра і патрэбна мець спісы рэпрэсаванай рэжымам польскай меншасці.
Зміцер Лупач выказаўся, што адносіны паміж Польшчай і Беларуссю пры Лукашэнку ніколі не былі добрымі, яны толькі пагаршаліся, нягледзячы на кароткія перыяды пацяплення. Асабліва стасункі абвастрыліся пасля 2020 года, калі Польшча ратавала і ратуе ад пераследу тых, хто пайшоў супраць рэжыма Лукашэнкі. Па меркаванні Лупача, беларускія ўлады не даруюць і таго, што з Польшчы вядуць вяшчанне беларускія незалежныя медыі Белсат, Беларускае Радыё Рацыя, Еўрарадыё. Журналіст мяркуе, што для Лукашэнкі Польшча як прадстаўнік Захаду — варожая краіна. Таксама Лупач нагадаў, што перад тым як Лукашэнка трапіў на працу ў калгас старшынём, ён быў на пасадах ідэалагічнага кшталту: то камсоргам, то парторгам, то сакратаром таварыства «Знание» і такіх пасад было 10 за 18 гадоў стажу. І з такім працоўным досведам Лукашэнка стаў кіраўніком Беларусі.
Другім пытаннем, якое з'явілася ў ходзе паседжання, на сустрэчы стал азначэнне лідара дэмакратычнай грамадскасці. Па прапанове прысутных ім названы палітвязень Мікола Статкевіч, які не пагадзіўся пакінуць Беларусь пасля памілавання. Ахоўнікі рэжыму канваіравалі яго ад мяжы і месцазнаходжанне яго да гэтага часу невядома.