Судовыя паседжанні

Двух былых кіраўнікоў баранавіцкага выдання Intex‑press асудзілі на 12 ды 14 гадоў калоніі

Былыя кіраўнікі баранавіцкага навінавага партала BAR24, а раней — незалежнай газеты Intex-Press Андрэй Пакаленка і Уладзімір Янукевіч. Калаж: БАЖ
Як даведалася БАЖ, 26 лютага 2026 суворыя прысуды атрымалі Уладзімір Янукевіч і Андрэй Пакаленка. Такое рашэнне вынес Берасцейскі абласны суд.

Янукевіча і Пакаленку абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (арт.356 КК). Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Янукевіч атрымаў 14 гадоў пазбаўлення волі і штраф 3000 б.в. (135 тыс рублёў). Пакаленка — 12 гадоў калоніі і штраф 1000 б.в. (45 тыс рублёў).

Янукевіч быў дырэктарам і галоўным рэдактарам Intex-Press. Пакаленка працаваў там жа намеснікам дырэктара па развіцці. Пасля таго, як выданне было зліквідаванае, яны разам з камандай стварылі навінавы сайт BAR24 (bar24.by).

Нагадаем, што супрацоўнікаў (ўжо закрытага) незалежнага выдання Intex‑press затрымалі напрыканцы 2024 года. Пазней былі асуджаны 4 былыя журналісты гэтага медыя: Наталля Семяновіч, Мікіта Пятроўскі, Руслан Равяка і Людміла Зелянькова атрымалі «хатнюю хімію» за нібы «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-4 КК).
Made on
Tilda