Навіны

Улада ў Беларусі ўзялася за экскурсаводаў

Змены ў заканадаўстве прывядуць да цэнзуры і ня толькі, мяркуе былы гід

Берасце вул.Савецкая, кастрычнік 2020. Выява: берасцейская «Вясна»

Невычашчанай заставалася, здаецца, толькі адна культурна-пазнавальная галіна жыцця беларусаў — гэта турыстычная сфера. Але рукі чыноўнікаў і кручкатвораў дабраліся і сюды.

З 1 студзеня 2023 уступае ў сілу новы закон «Аб турызме». У гэтым законе гаворыцца аб абавязковай атэстацыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, якія спецыялізуюцца на маршрутах унутранага турызму.

Пра тое, што прынясе гэты закон у турыстычную сферу, мы пагаварылі з былым экскурсаводам і праваабаронцам Уладзімірам Хільмановічам:

Уладзімір Хільмановіч. Крыніца фота: Радыё Свабода

БВ: Чаму такая ўвага да экскурсаводаў. Калі турызм у беларусі ў апошнія гадоў 10-15 паспяхова развіваўся?
У.Х.: Да экскурсаводаў дайшла ідэалагічная чарга, так званая цэнзура, якая ўкараняецца паўсюль у гуманітарнай сферы ў разуменні і выкладанні гісторыі. І па сутнасці гэта не ёсць што іншае, як таталітарнае пранікненне ва ўсе сферы жыцця. А зараз проста дайшла чарга і да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Уцісненне ў пракрустаў ложак разуменне рэгіянальнай гісторыі і канцэпцыі агульнанацыянальнай гісторыі. Вядома, што зараз улада ўкараняе такія расейска-цэнтрычныя міфалагемы і савецкія замшэлыя міфалагемы, якія насаджаліся яшчэ за часам Сталіна і пазней. Знішчаецца ўсё жывое. А па сутнасці атэстацыя — гэта элемент цэнзуры, гэткай ідэалагічнай адданасці тых, хто можа быць экскурсаводам ці гідам. Знішчаецца ўсё жывое і цікавае. Раней быў адзін крытэр: з першай экскурсіі было зразумела, ці гэты экскурсавод цікавы ці не. Цяпер на першае месца, як і паўсюль, ставіцца ідэалагічная правільнасць.

Б.В.: Дырэктар дэпартамента турызму Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч сказала, што тэма зараз як ніколі актуальная, бо неатэставаны экскурсавод паказваў і гаварыў, што яму хацелася. Пры гэтым скажаліся факты і не было механізмаў, каб усё гэта спыніць. Як можна расцаніць такое выказванне дырэктара дэпартамента?
У.Х.: Па сутнасці фармулёўкі: «не было механізма гэта спыніць» і г.д. яны гавораць самі за сябе. Зноў жа такі гэта тая самая цэнзура. «Немагчыма было спыніць». Але людзі самі ацэньвалі, цікавы ім гэты экскурсавод ці не. І мелі магчымасць выбраць сабе гіда, які бачыць гісторыю так, як яна ёсць, а не так, як будзе навязваць дзяржава. Гэта зноў жа такі навязванне сухіх канцэпцый, гераізацыя савецкага мінулага, адрынанне ранейшай гісторыі з гледзішча менавіта ліцвінскага, беларускага, а навязванне чужых канцэпцый разумення гісторыі. І тое, што раней не трэба было атэстацыі — гэта была вольнасць у добрым сэнсе гэтага слова пры тым. А цяпер імкнуцца людзей абмежаваць менавіта выбарам правільных экскурсаводаў з тым разуменнем, як гісторыю бачыць дзяржава, навязвае дзяржава: раней бачыла станоўчае 17 года, цяпер жа гераізацыя ідзе так званай Айчынай вайны, якая насамрэч была вялікай трагедыяй. Але сёння прынята ўслаўляць так званую вялікую перамогу, хаця для беларускага народа гэта была найперш трагедыя. Вось гэта ўсё яны ўкараняюць такімі захадамі.

Б.В.: Ці гэта не ёсць чыстка работнікаў турыстычнай сферы?
У.Х.: З дапамогай атэстацыі адбудзецца адфільтроўванне ўсіх неўгодных. Турыстычныя групы будуць суправаджаць стукачы, якія будуць дакладаць «куды трэба», што гаворыць гід. Работа гідаў ускладніцца самацэнзурай. Магчыма, дойдзе не толькі да кантролю за працай экскурсаводаў, а яшчэ будуць даваць ім гатовыя, як кажуць, «правільныя» тэксты, якія гіды будуць агучваць. У выніку гэта ўдарыць па турыстычеаму бізнэсу. І можна меркаваць, што будзе як пры савецкім часе: на экскурсіі будуць пасылаць калектывы праз прафсаюзы ці школьнікаў у абавязковым парадку.
Made on
Tilda