У Пінску прымусова прадаюць кватэру былога суддзі, які адмовіўся судзіць пратэстоўцаў
На 7 красавіка 2026 прызначаны аўкцыён па продажу кватэры Аляксея Пацко, заўважыла Наша Ніва. Выданне спытала самаго экс-суддзю, ці сапраўды гэта кватэра яго. Пацко пацвердзіў, што гаворка менавіта пра яго нерухомасць.
Пацко адзначыў, што не атрымліваў ніякіх дакументаў наконт продажу кватэры, таму не ведае, як яна трапіла на аўкцыён. Таксама Пацко падкрэсліў, што кватэра была ўзята ў іпатэку, ўнёскі банку выплочвае спраўна. Адзінае, што магла быць невялікая запазычанасць па камунальных паслугах.
Па назіраннях берасцейскай Вясны, гэта ўжо другая спроба беларускіх уладаў прадаць пінскую кватэру Аляксея Пацко. Першы аўкцыён мусіў адбыцца 19.02.2026, але тады не знайшліся зацікаўленыя.
Нагадаем, што Пацко працаваў суддзёй у Пінску, і калі ў жніўні-2020 атрымаў загад даваць усім пратэстоўцам па 15 сутак — адмовіўся (таму спачатку быў вымушаны сысці з пасады, а потым сам сутыкнуўся з пераследам). Знаходзіцца за мяжой.