Навіны

Суд над затрыманым у Мікашэвічах Анатолем Прышчыкам адкладзены

Сам пенсіянер застаецца ў ІЧУ
74-гадовы Анатоль Прышчык быў затрыманы ўвечары 12 лютага 2024 у Мікашэвічах (Лунінецкі раён). Як паведаміў берасцейскай «Вясне» ягоны сын, суд па ч.2 арт. 19.11 КоАП (Распаўсюд ці захоўванне з мэтай распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў) меўся адбыцца 14 лютага а 12-й гадзіне. Але раптоўна родным было сказана, што суд пераносіцца на 15 лютага. Чаму, не паведамілі. Але міліцыянты папярэдзілі сваякоў, што і 15 можа не адбыцца, а на працэс іх не пусцяць. Чаму, таксама не сказалі.

Паводле сына, магчыма, бацька мае гематомы і не хочуць, каб убачылі. А разгляд справы, магчыма, перанесены з-за медычнага хадайніцтва, якое было дастаўлена ў лунінецкі суд. 74-гадовы Анатоль Прышчык мае анкалагічнае захворванне, у 2022 перанёс у Бараўлянах аперацыю на рак лёгкага, таксама мае шэраг суправаджальных захворванняў, адно з якіх — хранічная ішэмія сэрца. Тым не менш у ІЧУ лунінецкага РАУС яму не выдалі ні пасцелі, не знайшлося месца і на нарах. Спаў стары чалавек на бетоннай падлозе.

Нагадаем, што былы сябра ЦК Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), вядомы ў Мікашэвічах актывіст Анатоль Прышчык быў затрыманы 12 лютага 2024 а 17 гадзіне па выхадзе з пад'езда і дастаўлены ў мікашэвіцкі аддзел міліцыі, пазней перавезены ў ІЧУ Лунінецкага РАУС.
2024-02-14 14:00