Навіны

Чарнавус-малодшы затрыманы ўжо па крымінальнай справе

Як стала вядома яго бацьку, Мікалаю Чарнавусу-старэйшаму, сына пасля трох сутак не адпусцілі, бо адмістрацыйная справа перацякла ў крымінальную. Артыкул, прыблізныя падставы не паведамілі. Спачатку толькі сказалі, што з ізалятара часовага ўтрымання перавядуць ў СІЗА. Чарнавус узрадаваўся, калі можна так сказаць, бо ў СІЗА можна двойчы ў дзень перадаць перадачу. Паводле Мікалая Чарнавуса, у ізалятары часовага ўтрамыння (ІЧУ) ежу не бяруць, пітной вады толькі паўлітра. Перадаць можна толькі адзенне. Ручніка даўжэй 40 сантыметраў таксама не бяруць. Але Чарнавус-малодшы застаўся і надалей у ІЧУ.

Якая можа быць крымінальная справа Чарнавус-старэйшы нават і ўявіць сабе не можа. За акцыі сын пакараны. Летам 2021 яго арыштоўвалі на тры дні, а затым пакаралі штрафам у 20 базавых. 31 сакавіка 2022 года з Мікалаем Чарнавусам не працягнулі кантракт, і ён застаўся без працы. А працаваў юрыстам аддзела спорту і турызму Баранавіцкага райвыканкама.

Як Мікалаю Чарнавусу расказалі сведкі затрымання яго сыну, 2 лютага 10 міліцыянтаў прабіраліся да іхняга дома паўзком. Відаць, уяўлялі сабе, што будуць затрымліваць небяспечнага злачынцу. Паламалі плот пры пераадоленні такой перашкоды. Калі ўварваліся ў дом, то ўчынілі дзікі крык: «стоять, лицом к стене, руки за голову!» Абшукалі не толькі другі паверх, дзе жыве Мікалай з сям'ёй, а і першы паверх, дзе жыве Чарнавус-старэйшы. Забралі тэлефон Мікалая-малодшага і ноўтбук.

Па словах Мікалая Чарнавуса-старэйшага, былыя часы іхніх з сынам вобшукаў і затрыманняў не параўнальны з цяперашнім дзікунствам. Раней прыйдуць два міліцыянты, спакойна скажуць прычыну, пакажуць пастанову, знойдуць што, складуць дакумент, забяруць.
2023-02-07 18:41