Судовыя паседжанні

27-гадовага пінчука Дзяніса Дзенісенку завочна асудзілі

Відаць, за пратэсты 2020 года
Пінскі суд 2 снежня 2025 года асудзіў Дзеніса Дзенісенку на 4 гады калоніі. Працэс праходзіў завочна (ў адсутнасць Дзенісенкі). Маладзёну закідвалі арт.293 КК (Беспарадкі). Мяркуючы па артыкулу, падставай для справы сталі пратэсты, якія праходзілі ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 у Пінску. Пра разгляд справы коратка паведамляецца на сайце судовай сістэмы Беларусі.

З іншага афіцыйнага паведамлення на тым жа сайце вынікае, што 20 лютага 2026 Берасцейскі абласны суд разгледзеў апеляцыю на прысуд пінчуку. Завочны прысуд пакінулі без зменаў.
Нагадаем, што завочныя суды з'явіліся ў Беларусі ў 2022 годзе. Такім чынам беларускія ўлады атрымалі магчымасць судзіць з'ехаўшых за мяжу людзей. Па ацэнках праваабаронцаў, сама завочная форма судовых паседжанняў у беларускай практыцы парушае права тых, каго судзяць (яе мінімум права на справядлівае судовае разбіральніцтва). А яшчэ завочныя суды сталі прыкладам транснацыянальных рэпрэсій — калі ўлады пераследуюць сваіх грамадзян, нават калі тыя знаходзяцца за мяжою.
Таксама нагадаем, што за пінскія пратэсты, якія адбыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, беларускія ўлады каралі спярша па арт.293 Крымінальнага кодэксу. Усіх абвінавачаных праваабаронцы прызналі палітзняволенымі. У 2024 годзе за тыя ж пратэсты пачалі судзіць яшчэ і па арт.342 (Грубае парушэнне парадку). Фігурантаў гэткіх спраў праваабаронцы таксама прызнавалі палітвязнямі.
2026-02-24 17:51