Навіны

Баскетбол як памяць пра Чарнобыльскую катастрофу

У бярозаўскіх міліцыянтаў такі падыход да шанавання той чорнай даты
Выкарастаны фота: з unsplash.com на фоне, з тэлеграм-каналу «Белое и черное» на пярэднім плане
Бярозаўскія праваахоўныя органы і мясцовыя чыноўнікі ўзяліся за моладзь (каб ніколі больш не паўтарыўся 2020 год, які іх моцна напалохаў?). Здаецца, любую нагоду яны выкарыстоўваюць для мерапрыемстваў у стылі, як гаварылі пры саветах, «партии и правительства». Напрыклад, 26.04.2023 да Міжнароднага дня памяці Чарнобыльскай катастрофы пад эгідай раённага БДСМ былі арганізаваны спартовыя спаборніцтвы па баскетболу. Спаборнічалі бярозаўскія міліцыянты з навучэнцамі СШ № 3. На гэты дзіўны спосаб шанавання гадавіны Чарнобыльскай трагедыі звярнуў увагу тэлеграм-канал «Белое и Черное».

Таксама аўтары каналу «Белое и Черное» высветлілі імёны бярозаўскіх міліцыянтаў, якія прымалі ўдзел у гульне. Усе яны працуюць у ворганах раней, чым з 2020 года (ток бок падчас пратэстаў у 2020 маглі гвалтам разганяць мірныя пратэсты).

А як было раней на гадавіну Чарнобыльскай трагедыі?

Акцыя «Свечка Памяці». Бяроза, 2008 год
У Бярозе ў сярэдзіне нулявых праходзіла «Свечка Памяці». Яе ладзілі бярозаўскія праваабаронцы Сяржук Русецкі і Тамара Шчапёткіна каля 7 разоў. Людзі прыходзілі на плошчу ў 20 гадзін вечара, запальвалі свечкі і гадзіну моўчкі стаялі. Гэта была дэманстрацыя смутку, болю і памяці па загінулых падчас чарнобыльскай аварыі і па памерлых пасля і па дзесятках тысяч тых, хто пад уздзеяннем радыяцыі атрымаў невылечныя хваробы і многія атрымалі інваліднасць.

Але «Свечка Памяці» была не да спадобы ўладам. Першыя гады праводзілася пад наглядам міліцыянтаў, апошнія 2 гады людзей разганялі. Апошні раз Русецкага мясцовы КДБ папярэдзіў на працы, калі выйдзе, то будзе выгнаны з работы. Быць выгнанаму з работы ў другі раз праваабаронцу не захацелася, і ён назіраў здалёк за падзеямі. А Тамару Шчапёткіну затрымалі, а потым судзілі. І гэта пры тым, як ім казала пры разгоне Шчапёткіна, што некалькі іх калег — удзельнікаў ліквідацыі аварыі — пайшлі ў лепшы свет.

Пасля гэтага акцыі спыніліся, людзі ўжо сталі баяцца выходзіць. Дзяржава гэты дзень не ўспамінала і застаўляла людзей забыць. Цяпер вось «успомнілі».
Made on
Tilda