Навіны

Дзень герояў у Варшаве

27 лістапада 2024 года ў Варшаве больш за 20 беларусаў вечарам, пасля працоўнага дня, прыйшлі да помніка Касцюшкі, каб адзначыць Дзень герояў Беларусі — неафіцыйнае нацыянальнае свята ў памяць аб Слуцкім паўстанні 1920 года. Гэта свята прысвечана не толькі памяці герояў-случчакоў, але памяці ўсіх беларусаў, якія змагаліся за волю роднай зямлі.

Свята адкрылі гімнам «Магутны Божа» і скандаваннем лозунгу «Жыве Беларусь». Першым узяў слова ксёндз Вячаслаў Барок. Ён гаварыў пра герояў Слуцкага паўстання — звычайных сялян, якія выступілі за магчымасць быць у сваёй хаце гаспадаром. Іх было чатыры тысячы супраць дзесяцітысячнага войска бальшавікоў з усходу. Жанчыны вышылі на бел-чырвона-белых сцягах для сваіх мужоў словы: тым, хто ідзе паміраць, каб жыла бацькаўшчына. Случчакі змагаліся мужна, але ў іх не хапала зброі, і сілы былі няроўнымі. Падтрымкі, на жаль, яны не атрымалі ніадкуль. Пасля бальшавіцкая ўлада выманьвала паўстанцаў з Польшчы, куды яны здаліся, пад гарантыі недатыкальнасці, але паверыўшыя адразу траплялі ў лапы ГПУ і калі не былі расстраляны, то высылаліся на Салаўкі і Калыму, адкуль многія не вярнуліся. Бальшавікі пераследавалі тых, хто застаўся жывы, нават пасля вайны. Напрыклад, Васіля Русака — аднаго з кіраўнікоў Слуцкага паўстання, ужо грамадзяніна Чэхаславакіі — арыштавалі і асудзілі на 10 гадоў лагераў. У 1954 годзе чалавек загінуў у ГУЛАГу. Рэпрэсавалі не толькі саміх паўстанцаў, але іх сем'і. Так было рэпрэсавана звыш 800 сем'яў удзельнікаўпаўстання.

Па словах выступоўцаў, нажаль, праз 104 гады сітуацыя не змянілася. Беларусы працягваюць гінуць за волю і незалежнасць бацькаўшчыны. На акцыі былі вялікія плакаты з партрэтамі загінуўшых пры рэжыме Лукашэнкі. Удзельнікі акцыі выказвалі ўпэўненасць, што прыйдзе час, гэтае свята стане ўсеагульным нацыянальным святам на дзяржаўным узроўні, імёнамі герояў-беларусаў будуць названы вуліцы і пастаўлены ў іх гонар помнікі.

Сярод удзельнікаў акцыі была актывістка за незалежнасць Саха (Якуціі) Раіса Зубарава і прадстаўнік Чаркесіі Ібрагім Яганаў, якія выступілі са словамі салідарнасці.
2024-11-28 16:46