Навіны

У Берасцейскай вобласці ліквідавалі ўсе грэка-каталіцкія (ўніяцкія) парафіі

Як паведамляе katolik.life, 9 красавіка 2026 ў Вярхоўным судзе была адхілена скарга па ліквідацыі грэка-каталіцкай парафіі Святых Братоў Апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасці.

Раней аналагічнае рашэнне аб ліквідацыі ўлады прынялі па грэка-каталіцкай парафіі Святых Кірылы і Мятода ў Баранавічах.

З улікам таго, што ў 2025 годзе парафія ў Івацэвічах не прайшла перарэгістрацыю, праз рашэнні ўладаў ліквідаваныя ўсе тры рэлігійныя арганізацыі грэка-католікаў у Берасцейскай вобласці.

Дакладная афіцыйная прычына ліквідацыі невядомая, аднак у адным з рашэнняў вернікі заўважылі фармулёўку аб быццам бы «пагрозе нацыянальным інтарэсам», піша katolik.life

Наколькі вядома вернікам, грэка-католікі вобласці спадзяюцца, што будзе дасягнута дамоўленасць служыць літургіі ў мясцовых каталіцкіх храмах. Пытанне з маёмасцю парафій пакуль вырашаецца.
2026-04-09 16:52