Судовыя паседжанні

У Ляхавічах асудзілі жыхара Баранавічаў. Па абодвум каментарам, за якія судзілі, выйшаў тэрмін даўніны

Але ж мужчыне далі «хатнюю хімію»
Станіслаў Давідавічус. Скрыншот відэа «ТРК Брэст»
31 студзеня 2023 года ў Ляхавічах суддзя Таццяна Жарко агучыла прысуд Ковалю Дзянісу Андрээвічу, паведамляе «Вясна». Мужчыне ставілі ў віну тэлеграм-каментар ад 21.10.2020 у бок ляхавіцкага участковага Максіма Варанко. Таксама Коваля вінавацілі ў напісанні 3 лютага 2021 тэлеграм-паведамлення пра ляхавіцкага міліцыянта Віталя Дабрачынскага. Бок абвінавачвання на судзе прадстаўляў Станістаў Давідавічус.

За абодва каментары Ковалю прад'яўлялі крымінальны арт.369 (Абраза прадстаўніка ўлады). Пракурор патрабаваў 1 год 6 месяцаў абмежавання волі. Суддзя вырашыла даць 1 год 3 месяца «хатняй хіміі» (абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову), а таксама задавольніць пазовы міліцыянтаў аб маральнай кампенсацыі (па 1500 рублёў кожнаму).

Але ж як мы заўважылі, па першаму каментару ўжо выйшаў тэрмін даўніны (2 гады), а па другому каментару ён выходзіў 3 лютага гэтага года. Пры гэтым прысуд не паспее набыць моц да сканчэння тэрміна даўніны і для другога каментара. Такім чынам, па абодвум каментарам суд мусіў звольніць ад крымінальнай адказнасці Коваля.

Чакаем або дадатковае паседжанне, якое выправіць такую памылку (як гэта было з Раманам Коржыкам), або аспрэчвання ў судзе вышэйшай інстанцыі.
Made on
Tilda