Навіны

Беларусы Варшавы салідарны з палітвязнямі

24.05.2026, Варшава, Польшча. Тут і далей фота Берасцейскай Вясны
У Варшаве праведзены дзве акцыі ў падтрымку палітвязняў. Адна ў Дзень палітвязня Беларусі 21 траўня 2026 ля будынку Еўрапарламента, другая — 24 траўня ля помніка Каперніка. Акцыі праходзілі на фоне інсталяцыі з высокага плоту з дротам, на якім размешчаны больш за 800 здымкаў палітзняволеных, якія знаходзяцца на дадзены момант за кратамі ў Беларусі. На акцыі прысутнічаў прадстаўнік Кабінета Святланы Ціханоўскай па нацыянальнаму адраджэнню Павел Баркоўскі, дарадца Ціханоўскай, палітык Аляксандр Дабравольскі. Прысутнічалі таксама былыя палітвязні, напрыклад, Паліна Шарэнда-Панасюк прыехала з Беластоку.

Паводле Паўла Баркоўскага, сітуацыя з палітзняволенымі застаецца цяжкай. Рэпрэсіі не спыняюцца. Баркоўскі ўсё ж такі бачыць змену абставін у Беларусі праз змены ва Украіне. На яго думку, сітуацыя на вайне зараз зварухнулася на карысць Украіны. Перамены абавязкова будуць ці па сцэнарыю польскай Салідарнасці ці па румынскаму варыянту, чаго б не хацелася, не хацелася б крыві ні з аднаго боку. Ну а Лукашэнка адкажа праз суд: ці ў Беларусі, ці ў Гаазе.

Інсталяцыя са здымкамі палітвязняў прыцягвала цікаўнасць гараджан і гасцей Варшавы. Людзі падыходзілі, цікавіліся, што гэта, і вельмі здзіўляліся, што так шмат вязняў у Беларусі, якія пакутуюць за кратамі за жаданне праўды, справядлівасці і законнасці. Многія фатаграфаваліся на фоне інсталяцыі.
Злева Вячаслаў Рагашчук. Справа Паліна Шарэнда-Панасюк
А праз мікрафон гучалі словы спачування, салідарнасці і абурэння. Так, былы палітвязень з Пружаншчыны, кіраўнік Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Алег Кулеша нагадаў прысутным, што ў Беларусі 67 пенітэнцыярных устаноў, адна на 138 тысяч чалавек, у той час як у Польшчы, хаця таксама не ўсё добра, але на 380 тысяч адна пенітэнцыярнаяўстанова. Мы абганяем нават Расейскую федэрацыю, мы абганяем усе краіны Еўразвязу, кожны восьмы беларус пабываў у турме па розных артыкулах ад палітычных да эканамічных і крымінальных. Гэта жахлівая сітуацыя, гаворыць Алег Кулеша. Ён асцерагаецца, каб такая сітуацыя не стала прывычнай для беларусаў і не ўспрымалася імі як дадзенасць. Калі ў 2023 годзе на такую выставу-інсталяцыю з палітвязнямі прыйшло каля 2000 беларусаў, то цяпер і двухсот няма, на жаль.

Пад час акцыі пайшоў дождж, але беларусы не зышлі са сваіх месцаў. Многія казалі: там ім горш, чым нам тут нават пад дажджом.

Скончылася акцыя агульным традыцыйным здымкам.
Made on
Tilda