За тыдзень івацэвіцкія ворганы двойчы наведваліся да маці Сяргея Скулаўца
Івацэвіцкі РАУС і СК надалей цікавяцца экс-бeлсатаўцам
Сяргей Скулавец родам з Івацэвічаў. Ён таемна супрацоўнічаў з «Белсатам» як журналіст і з-за пагрозы затрымання з'ехаў у ЗША ў 2023 годзе. Пасля ад'езду супраць яго завялі крымінальную справу «звязаную з Белсатам», а да сваякоў рэгулярна наведваюцца сілавікі.
Так, 24 чэрвеня 2025 сам Скулавец у сваім Фэйсбуку напісаў, што выклікалі на допыт ягоную маці ў івацэвіцкі СК (Следчы камітэт). Следчы паказваў тоўстую тэчку з матэрыяламі крымінальнай справы, задаваў пытанні.
А 26 чэрвеня 2025 дамоў да маці Скулаўца прыйшлі ўжо з івацэвіцкага крымінальнага вышуку. Тэлефон жанчыны (яго змесціва) фатагравалі і ізноў задавалі пытанні пра сына. Пра гэта Сяргей Скулавец таксама напісаў у FB.
Нагадаем, што да сваякоў Скулаўца пасля ад'езду з РБ ужо прыходзілі сілавікі. Так, у верасні-2024 праводзілі вобшук дома ў яго маці. Потым ў лістападзе-2024 і 31.12.2024 у бабулі мужчыны.
Як адзначыў у інтэрнэт-допісах Скулавец, новы віток цікаўнасці беларускіх ворганаў да яго сваякоў можа сведчыць пра тое, што крымінальную справу супраць яго рыхтуюць да суду. У чым канкрэтна яго вінавацяць, Скулавец дагэтуль не ведае, але сваякам казалі пра тое, што справа «звязаная з Белсатам» (дзе раней працаваў мужчына).