Навіны

Палітвязням у калоніях не даюць атрымоўваць адукацыю

Адзін палітзняволены паскардзіўся з івацэвіцкай калоніі ў Мінадукацыі — і быў пакараны
ПК-22 «Воўчыя норы». Крыніца фота: intex-press.by
Калонія №22 знаходзіцца за 20 км ад Івацэвічаў. Як піша праваабарончая ініцыятыва DissidentBY, раней у гэтай калоніі існаваў філіял Івацэвіцкага каледжа, дзе асуджаныя маглі атрымліваць прафесійную адукацыю (зваршчыкі, тынкоўшчыкі і інш.). Але для палітвязняў гэтая магчымасць ад нядаўняга часа стала недаступнай. Аляксандр Камлёнак напісаў скаргу ў Міністэрства адукацыі, у якой апісаў забарону на навучанне. Ліст удалося перадаць на волю толькі абыходным шляхам, бо адміністрацыя калоніі не прапускае ніякія скаргі знутры. Ужо з волі гэты зварот быў накіраваны ў Мінaдукацыі. Гэта выклікала рэзкую рэакцыю. Аляксандра выклікалі на допыты і патрабавалі растлумачыць, як ён змог адправіць скаргу. Пасля гэтага яго змясцілі ў ШІЗА. Там у знак пратэсту Аляксандр абвясціў галадоўку і 11 дзён ён нічога не еў. Далей яго этапавалі ў Наваполацкую калонію (ПК-1), дзе адразу ж зноў адправілі ў ШІЗА. На дадзены момант ён адтуль не выходзіць.
Made on
Tilda