Іншыя артыкулы

«Хатняя хімія» для палітычных

Пакаранне «хатняй хіміяй» — гэта форма пакарання, якая ўключае ў сябе кантроль за асуджаным дома, падчас якога асуджаны не адбывае тэрмін у турме, а выконвае ўмовы, накладзеныя судом. Яно часта прымяняецца ў Беларусі, уключаючы выпадкі, калі асуджаныя атрымліваюць такія пакаранні за ўдзел у мірных сходах або іншыя акцыі пратэсту.

Канешне, многія скажуць «пашчасціла»: жыць у кватэры, а не ў камеры калоніі, нармальна харчавацца, мець побытавы камфорт, няхай сабе і пад кантролем. Але і на «хатняй хіміі» жыццё не цукар. Таму што трэба ведаць нашую міліцыю. Яны існуюць за народныя грошы, а думаюць, што за грошы дыктатара. Адсюль паводзіны не народных абаронцаў, а абаронцаў саманазначанага узурпатара. Ёсць не надта разумныя, з псіхічнымі адхіленнямі, садысцкімі схільнасцямі, якім Лукашэнка даў неабмежаваныя правы. Вось яны і адыгрываюцца на «хатніх хіміках». Налёты, набегі ў любы час сутак і не па аднаму разу, праверкі тэлефона, пагрозы, ненарматыўныя звароты, два разы на тыдзень «перавыхаванне» у аддзяленні міліцыі. А калі ты жывеш адзін і з дзіцёнкам на руках, то катастрофа. Праца на даму, бо цябе нікуды не бяруць. Дзве гадзіны, калі ты можаш выйсці з дому, а калі «хатні хімік» не надта прыніжаецца і стараецца хоць крыху абараніць свой гонар, то адыграюцца па-поўнай. Тут табе і суткі свецяць з усімі выцякаючымі, скарачэнне выхаду на вуліцу да гадзіны, а малога трэба ў садок ці ў школу, на працэдуры ці на прыём да лекара, а ты не можаш. Тут не толькі «хатнюю хімію» ты адбываеш, адбывае і тваё дзіця. А адмова ў продажы тавару на рынку, які ты вырабляеш дома, гэта напаўгалоднае існаванне. І пастаянныя нервы, нервы.

— Некалькі гадоў на «хатняй хіміі» пачуваеш сябе бяспраўным рабом на галерах, — падзялілася былая зняволеная, — Але і пасля вызвалення ты яшчэ два гады абмежаваны ў правах.
Паводле праваабаронцы Алега Мацкевіча, не ўсе асуджаныя да «хатняй хіміі» ведаюць свае магчымасці для абароны. Узяць, напрыклад, скарачэнне часу выхаду на вуліцу або абмежаванне ў працоўным месцы:

«Згодна з нормамі Крымінальна-выканаўчага кодэксу выхад асуджанага да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпа за тэрыторыю ўласнага жылля дазваляецца да месца працы і вучобы. Таксама асуджаны мае права наведваць арганізацыі аховы здароўя, сувязі, гандлю, бытавога абслугоўвання і іншыя, у якіх мае жыццёвую патрэбу.

Прадпрымальніцкая, рамесная або іншыя віды дзейнасці з'яўляюцца аналагам работы асуджанага і таму ўмовы іх ажыццяўлення павінны брацца пад увагу адпаведнымі органамі пры ажыццяўленні кантролю. У такіх выпадках павінны ўлічвацца працоўны графік асуджанага, а таксама іншыя ўмовы выканання працы. Калі для вядзення дзейнасці патрабуецца мабільнасць, то, на маю думку, кантрольныя органы не маюць права замінаць асуджанаму пакідаць тэрыторыю месца пражывання на разумны і неабходны для гэтага час. Скажам, калі чалавек займаецца рамеснай дзейнасцю, частку часу ён можа траціць у сваім жыллі для вытворчасці пэўнай прадукцыі, але яшчэ частку часу ён мусіць траціць для яе рэалізацыі на адкрытых пляцоўках — рынках, кірмашах, гандлёвых аб’ектах і г.д.

Для наведвання арганізацый аховы здароўя, сувязі, гандлю, бытавога абслугоўвання і іншых, у якіх асуджаны мае жыццёвую патрэбу, і якія знаходзяцца ў межах населенага пункту, крымінальна-выканаўчай інспекцыяй можа быць дадзены час максімальным памерам дзве гадзіны на дзень. Пры гэтым, на маю думку, абавязкова павінны ўлічвацца індывідуальныя асаблівасці асуджанага: яго стан здароўя, фізічнай рухомасці, наяўнасць пэўных абавязкаў, якія ён нясе па законе — бацькоўскія, апякунскія, або іншага кшталту. У процілеглым выпадку гэта будзе не толькі парушэннем правоў асуджанага, але і супрацьдзеяннем выкананню ім іншых патрабаванняў, якія ён нясе згодна з заканадаўствам. Адпаведна, скарачэнне часу для наведвання розных арганізацый не можа быць адвольным і накладацца беспадстаўна толькі з мэтай дадатковага пакарання асуджанага. Такая практыка не мае нічога агульнага з мэтамі справядлівага пакарання і мерамі па рэсацыялізацыі асуджаных».
2024-11-30 16:50