Навіны

Сімвалічная хросная Паліны Шарэнда-Панасюк накіравала ліст да суддзі, які будзе вырашаць, ці дадаць тэрмін палітзняволенай

Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: асабісты архіў сям'і Шарэндаў
Андрэй Шарэнда просіць падтрымаць яго жонку Паліну Шарэнда-Панасюк перад судом.

Як паведаміў Андрэй, першай падтрымала Паліну яе сімвалічная хросная, еўрадэпутатка ад Партугаліі Ізабэль Сантуш. Яна напісала ліст на імя суддзі Рэчыцкага суда Станіслава Іванюценка, які будзе судзіць Паліну Шарэнду-Панасюк. У лісце еўрадэпутатка заклікае суддзю да чалавекалюбства і разгляду магчымасці для зняцця новых абвінавачванняў супраць Паліны. А таксама патрабуе тэрміновага і безумоўнага яе вызвалення.

Суд над Палінай пачнецца 2 кастрычніка 2023. А 30 верасня споўніцца роўна 1000 дзён, як Паліна знаходзіцца за кратамі. Здароўе Паліны моцна падарвана жорсткімі турэмнымі ўмовамі, якія прымяняюць да палітзняволенай. Муж Паліны Андрэй Шарэнда просіць усіх нераўнадушных людзей любымі даступнымі спосабамі падтрымаць Паліну. Можна напісаць лісты да так званых уладаў Беларусі з патрабаваннем вызвалення Паліны, паслаць бандэроль, перавесці невялікую суму грошай, правесці акцыі падтрымкі.

Нагадаем, што ўжо ў другі раз Паліне Шарэндзе-Панасюк збіраюцца працягнуць турэмны тэрмін. Яна была затрымана і асуджана на 2 гады пазбаўлення волі. Калі тэрмін скончваўся, яго працягнулі яшчэ на год (па таму ж артыкулу 411 КК за нібы «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»). Калі Паліна павінна была выйсці ў пачатку жніўня сёлета, ёй зноў збіраюцца працягнуць турэмны тэрмін.
Made on
Tilda