Палітвязня па «справе карагодаў» Ігара Лаптановіча асудзілі да 2,5 гадоў калоніі, а ягоную жонку — да 3 гадоў «хатняй хіміі»
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 4 жніўня вынеслі прысуды сёмай групе па "карагоднай" крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 13 верасня на Маршы герояў у Брэсце на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава пратэстоўцы вадзілі карагод, спявалі песні «Муры» і «Тры чарапахі», танчылі. Пратэстоўцаў разагналі вадамётам.
Цяпер на лаве падсудных палітзняволены будаўнік і актывіст з Пружанаў Ігар Лаптановіч і ягоная жонка-бібліятэкаркаЮлія, у іх сям'і трое дзяцей-школьнікаў. Справу супраць сёмай групы па «справе карагодаў», у якую ўваходзілі 12 абвінавачаных, разглядала Вера Філонік. Гэта ўжо шостая суддзя з Брэста, якая ўдзельнічае ў судовым канвееры па самай масавай палітычнай справе ў Брэсце. Дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівалі Генадзь Буры і Вадзім Багатка, якія запатрабавалі суровыя тэрміны пакарання па гэтай справе. Пракурор Буры выступаў дзяржабвінаваўцам па справе забітага Генадзя Шутава і сведкі забойства Аляксандра Кардзюкова.
Каго і як асудзілі?
Суддзя Вера Філонік прызначыла наступныя пакаранні фігурантам сёмай групе па "справе карагодаў":
Андрасюк Арцём Аляксандравіч — 2 гады "хіміі" (віну не прызнаў);
Бірукоў Аляксей Валер'евіч — 2 гады "хатняй хіміі" (часткова прызнаў віну);
Лаптановіч Юлія Аляксандраўна (жонка Ігара) — 3 гады "хатняй хіміі" (не прызнала віну);
Макарэвіч Уладзімір Віктаравіч — 2,5 гады "хіміі" (не прызнаў віну);
Парфеевец Андрэй Аляксеевіч — 2 гады "хатняй хіміі" (часткова прызнаў віну);
Пяцінкін Канстанцін Паўлавіч — 2 гады "хатняй хіміі" (прызнаў цалкам віну);
Шыла Наталля Уладзіміраўна — 2,5 гады "хіміі" (не прызнала віну).
Палітзняволены Ігар Лаптановіч — адзіны, хто быў пад вартай у зале суда. Яго затрымалі 24 сакавіка. З 12 чалавек сем фігурантаў і фігурантак не прызналі віну цалкам.
Па справе "карагодаў" прысуды вынеслі ўжо 67 фігурантам.