Зміцер Шчурко сядзіць разам з Лосікам. Для іх, як для "палітычных", асаблівыя ўмовы
Толькі 2-і ярус на ложках, ноччу святло не выключаецца
Як стала вядома берасцейскай "Вясне", Зміцер Шчурко ў наваполацкай калоніі трапіў у 7-ы атрад. Разам з ім адбывае тэрмін, нават спіць у тым жа пакоі Ігар Лосік — вядомы баранавіцкі палітзняволены, журналіст і блогер.
Пра ўмовы для Шчурко (ды, адпаведна, і для Лосіка) вядома наступнае: "палітычным" нельга займацца спортам. Працаўнікі калоніі ставяцца да іх перадузята.
Да таго ж, іх змясцілі на другі ярус двухярусных ложкаў. Пры гэтым ноччу святло ў пакоі не выключаюць — і такім чынам усім хто спіць наверсе гэта перашкаджае спаць.
Нагадаем, што Змітра Шчурко двойчы судзілі па палітычных крымінальных справах. Першы прысуд ён атрымаў за амапаўскую рацыю, другі — за каментары ў інтэрнэце (у тым ліку яго меркаванне пра першы вырак). Дома Змітра чакаюць двое маленькіх дзяцей.