Навіны

Бярозаўскія праваабаронцы падтрымалі сваіх калег у зняволенні

Паколькі сувязь з палітвязнямі-вясноўцамі амаль адсутнічае, хаця лісты дасылаюцца (але, відаць, не аддаюцца) то бярозаўскія праваабаронцы вырашылі парадаваць сваіх зняволеных сяброў бандэролямі. У кожную бандэрольку былі пакладзены зефір, печыва, халва, хлябцы, цукеркі, пакецікі кавы, гарбаты, часнык, мужчынам — цыгарэты, а Марфе — шакаладку. Бандэролькі атрымаюць Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч, Андрэй Чапюк і Марфа Рабкова. Заказныя бандэролькі былі адпраўлены 26 лютага, але адказу аб атрыманні яшчэ няма. Але ж бярозаўскія праваабаронцы спадзяюцца, што іх бандэролькі дойдуць да адрасатаў.

Нагадаем, што апеляцыйная скарга Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка была разгледжана 28 лютага 2023 ў Вярхоўным судзе, турэмны тэрмін скарочаны на 3 месяцы. Марфу Рабкову ў выніку пакаралі 14 гадамі 9 месяцамі пазбаўлення волі, Андрэя Чапюка – 5 гадамі 9 месяцамі.

А 3 сакавіка 2023 быў абвешчаны прысуд Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзю Лабковічу. Ім прысудзілі ад 7 да 10 год калоніі.
Made on
Tilda