Іншыя артыкулы

Баранавіцкі раён вачыма праваабаронцы

Ілюстратыўнае фота. Крыніца фота: bar24.by
У Баранавіцкім рэгіёне, як і ў іншых гарадах і районах Беларусі, становішча застаецца напружаным. Рэпрэсіі супраць апазіцыі, незалежных журналістаў і грамадзян, якія выказваюць ці раней выказвалі сваю пазіцыю супраць рэжыму, працягваюцца. Сістэматычна праходзяць суды па палітычных справах, асабліва за ўдзел у мірных пратэстах. Акрамя таго, сістэматычна прыцягваюць да адказнасці па экстрэмісцкіх артыкулах, напрыклад, па артыкуле 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). Улады працягваюць выкарыстоўваць крымінальнае пераследаванне для абмежавання свабоды слова і абмежавання свабоды сходаў. Пра гэта і не толькі мы пагутарылі з праваабаронцай Вікторыяй Машэй.

— За што судзяць людзей?
— Асноўным абвінавачаннем з'яўляецца артыкул 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак або актыўны ўдзел у іх. Судовыя працэсы па гэтым артыкуле сталі сістэматычнымі, і, як правіла, тычацца ўдзельнікаў пратэстаў і акцый супраць рэжыму. Акрамя таго, людзей могуць судзіць за абразу або паклёп на Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (артыкулы 367, 368 Крымінальнага кодэкса РБ), што можа прывесці да пакарання да 5 гадоў пазбаўлення волі. За абразу прадстаўнікоў улады (артыкул 369) таксама могуць прысудзіць да 3 гадоў пазбаўлення волі.

— Якімі тэрмінамі караюць людзей?
— Суддзі, як правіла, выносяць прысуды ад 1 да 3 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 342, хоць гэты артыкул прадугледжвае і больш мяккія меры пакарання, напрыклад, арышт або абмежаванне волі. У выпадках абразы або паклёпу на прадстаўнікоў улады або Прэзідэнта Беларусі па артыкулах 367, 368, 369 могуць быць вызначаны тэрміны да 5 гадоў пазбаўлення волі, у залежнасці ад цяжкасці парушэння.

— Ці засталася магчымасць адвакацкай дапамогі ў вашым горадзе?
— Адвакацкая дапамога ў горадзе яшчэ даступная, але яна стала больш абмежаванай. Многія адвакаты сутыкаюцца з ціскам з боку ўладаў, а таксама з рызыкай прафесійных санкцый або нават пазбаўлення ліцэнзій.

—Ці ўскладнілася ваша праца як праваабаронцы?
— Так, праца праваабаронцаў стала значна складанейшай. Рызыка пераследу і арыштаў значна ўзрасла, у тым ліку за праваабарончыя дзеянні. Сістэматычны ціск на праваабарончыя арганізацыі, канфіскацыя дакументаў, камп'ютэраў, офіснай тэхнікі, лічбавых носьбітаў інфармацыі і іншых рэсурсаў значна ўскладняюць іх дзейнасць. Усе гэтыя фактары ўскладняюць працу праваабаронцаў, якія абараняюць правы людзей, пераследаваных за палітычную дзейнасць.
Made on
Tilda