Судовыя паседжанні

Кобрын: палітвязню прысудзілі 1 год калоніі

Суд праходзіў наўпрост у будынку РАУС
Міхаіл Кухарчук. І каментар, які (па версіі сілавікоў) мужчына пакінуў у Тэлеграме
24 сакавіка 2023 года кобрынская суддзя Ала Богнат разглядала крымінальную справу супраць Кухарчука Міхаіла Аляксандравіча. Да суду мужчына быў пад хатнім арыштам. Яго вінавацілі ў публічнай абразе Лукашэнкі па ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядалі ў будынку кобрынскага РАУС.

Па інфармацыі берасцейскай «Вясны», рашэннем суддзі стала прызнаць Кухарчука вінаватым ды прызначыць 1 год калоніі. Палітвязня ўзялі пад варту пасля абвяшчэння прысуду.

Нагадаем, што раней было відэа ад сілавікоў, у якім мужчыну вінавацілі ў напісанні 860 пратэсных інтэрнэт-каментароў. На тым жа відэа былі прыклады такіх паведамленняў. Так, напрыклад, 27.02.2022 пад навінай пра тое, што Лукашэнка прызнаў запускі ракет з тэрыторыі Беларусі, быў тэлеграм-каментар пра «двух маразматыкаў, [..] што адзін быў вымушаны, што другі». Меркавана, менавіта за гэты каментар Кухарчуку і прысудзілі 1 год пазбаўлення волі.
Made on
Tilda