Навіны

15 лістапада ва ўсім свеце адзначаецца Дзень пісьменніка ў зняволенні

У гэты дзень абвяшчалі лаўрэатаў «беларускай турэмнай прэміі». У папярэднім годзе яе атрымаў пружанец Мікола Папека


Што такое «беларуская турэмная прэмія» і як яна з'явілася

Сам Дзень пісьменніка ў зняволенні упершыню з'явіўся ў 1981 годзе дзякуючы Міжнароднаму ПЭН-клубу. У Беларусі з 2013 года Беларусі ПЭН-цэнтр разам з медыя «Радыё свабода» 15 лістапада абвяшчалі лаўрэатаў так званай беларускай турэмнай прэміі — літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча. Ёй адзначаюць творы беларусаў, напісаныя ў зняволенні.

Даведка: Францішак Аляхновіч — беларускі літаратар. Вядомы сваім творам «У капцюрох ГПУ», у якім апісаў свой досвед перабывання ў сталінскіх лагерах. Кніга выйшла нашмат раней за «Архіпелаг ГУЛАГ» Салжаніцына па той жа тэме. Падрабязней пра жыццё Аляхновіча, а таксама пра ягоны асноўны твор, глядзіце ў відэа Хадановіча:
https://youtu.be/y2d4A2StDjc

У гэтым годзе без лаўрэатаў прэміі

Як паведаміла «Радыё свабода», сёлета лаўрэатаў прэміі абвяшчаць не будуць, а абвяшчэнне лаўрэатаў перанесена на 2023 год. Гэта звязана з тым, што раней творчасць з-за кратаў усё ж такі прабівалася на волю, да чытача — але ж гэтым годам рэпрэсіі супраць аўтараў і выдацоў зрабілі гэта амаль немагчымым.

Таму нагадаем аднаго з лаўрэатаў папярэдняга году — Міколу Папеку. Пчаляр-паэт з Пружанскага раёну быў асуджаны па так званай карагоднай справе (крымінальнай справе за тое, што ў Берасці 13.09.2020 года пратэстоўцы вадзілі карагод на скрыжаванні дарог, пасля чаго іх разагнаў вадамёт). Падчас падрыхтоўкі да справы Папека патрабаваў забеспечыць ягонае права на азнаямленне са справай на беларускай мове — у чым яму было адмоўлена.

У выніку Папеку спачатку прысудзілі абмежаванне волі, але ж потым пакаранне ўзмацнілі, ды мужчыну перавялі ў калонію. Вядома, што ў калоніі Папеке прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі — ён адмовіўся.

А прэміяй імя Аляхновіча ён быў адзначаны за свой цыкл вершаў, азнаёміцца можна па спасылцы:
https://www.svaboda.org/a/31556058.html

За кратамі цяпер знаходзіцца 11 лаўрэатаў прэміі імя Аляхновіча, адзначае «Радыё свабода». У тым ліку ўсё яшчэ сядзіць і Мікола Папека.
Made on
Tilda