Навіны

У Драгічыне будуць судзіць дырэктара музея

На выбарах-2020 ён быў у складзе раённай камісіі ад партыі «Грамада»
16 лістапада 2023 года ў пакоі інтэрната, дзе жыве Сяргей Гранік, адбыўся ператрус. Падчас ператрусу быў знойдзены патрон да вінтоўкі «Маўзэр» узору 1894 года, сам патрон дзесьці з сярэдзіны 1930-х гадоў польскай вытворчасці. Жыхары Драгічына ўпэўнены, што Сяргея Граніка падставілі. Узбуджана крымінальная справа па арт.295 КК Рэспублікі Беларусь (Незаконныя дзеянні ў адносінах да паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі, боепрыпасаў). Нагодай да вобшуку, па афіцыйнай версіі, быў пошук самагонкі і самагоннага апарата. Хаця вядома, што ў пакоі інтэрната самагонаварэннем займацца забаронена. Калі не ўлічыць, што Сяргей Гранік зусім не ўжывае алкаголю. Пасля ператрусу Гранік быў затрыманы, пасля складання неабходных папер адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе, але не адхілены ад працы. Цяпер паважанага ў Драгічыне чалавека чакае суд.

Былы падпалкоўнік запасу Сяргей Гранік пры выхадзе ў адстаўку вярнуўся на радзіму ў вёску Брашэвічы. Ён аматар гісторыі, краязнаўца і ў 2003 годзе становіцца дырэктарам ваенна-гістарычнага музея імя Дз. Удовікава ў Драгічыне. Таксама становіцца сябрам Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Чаму зараз узнікла патрэбнасць у крымінальнай справе супраць Граніка, невядома. Мясцовыя называюць магчымай прычынай пераследу Граніка падрыхтоўку ўладаў да выбараў, якія пройдуць у лютым 2024 года.

А ўжо ў студзені 2024 года дырэктара музея Сяргея Граніка чакае суд.
2024-01-09 15:37