У берасцейскім СІЗА перадачу могуць не аддаць зняволеным
Калі не адкажуць, ад каго
Яшчэ ў верасні 2025 года палітвязні сутыкнуліся з тым, што ў берасцейскім СІЗА №7 ім могуць не аддаць перадачу. Супрацоўнік СІЗА напачатку пытаецца ў зняволенага, ад каго гэтая перадача «магла бы быць». Вязень мусіць назваць імя адпраўніка перадачы. У адваротным выпадку зняволены не атрымае перадачу.
Як заўважыла берасцейская «Вясна», пра такую практыку распавяла адна блогерка ў Instagram ў верасні-2025, ў якой у той час жаніх сядзеў у СІЗА-7 у чаканні палітычнага суду.
Пра з'яўленне падобных правіл у гомельскім СІЗА нядаўна даведаліся магілёўскія праваабаронцы. Па іх інфармацыі, ў Гомлі такую практыку завялі ў студзені-2026.
Адзначым, што гэтая практыка супярэчыць заканадаўству: да таго, як прысуд набудзе моц, зняволеныя могуць атрымліваць перадачы і пасылкі ад любых асоб. Гэта рэгулюецца Правіламі Унутранага Распарадку для СІЗА, зацверджаныя Міністэрствам Унутраных Спраў (глава 8). І сярод прычын, чаму вязню могуць не аддаць перадачу цалкам (ці яе частку), няма прычыны «не ведае, ад каго перадача». Такім чынам, апісаная практыка з'яўляецца беспадстаўным і незаконным абмежаваннем правоў зняволеных, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА-7 ды СІЗА-3 (а таксама парушэннем дзеючага заканадаўства супрацоўнкамі дадзеных устаноў).