Судовыя паседжанні

За бел-чырвоны чахол тэлефона 7 сутак арышту

Прысудзілі ў Бярозе
Такое рашэнне 10 красавіка 2023 прыняў суддзя суда Бярозаўскага раёна Дзмітрый Кавалевіч па адміністрацыйнай справе супраць 54-гадовага токара СВК «Нарутавічы» Юрыя Лісюка. Вяскоўцу засталося дасядзець у ізалятары Бярозаўскага РАУС 4 сутак. Суддзёй Кавалевічам былі ўлічаны папярэднія 3 сутак, якія Юрый Лісюк адседзеў перад судом.

Бел-чырвоны чахол тэлефона быў расцэнены як супрацоўнікам Бярозаўскага РАУС, што затрымаў вяскоўца, так і суддзёй Кавалевічам як адзіночны пікет па артыкуле 24.23 КоАП.

Нагадаем, што за тыдзень да суда Юрый падчас абедзеннага перапынку дастаў тэлефон, каб пазваніць. У гэты час на працоўнае месца Лісюка заглянуў супрацоўнік Бярозаўскага РАУС і ўбачыў колер чахла тэлефона. Толькі пасля затрымання, ужо па дарозе ў аддзяленне міліцыі, мужчына даведаўся прычыну свайго захопу. Аказваецца, што куплены ім некалькі гадоў таму бел-чырвоны чахол цяпер мець «злачынна».

Бел-чырвоныя колеры сталі вельмі небяспечным спалучэннем колераў пасля 2020 году. Так, берасцейскай «Вясне» вядомы выпадак у Бярозе ў лістападзе 2020, калі апалітычны мужчына быў збіты АМАПам ля крамы «Санта», куды прыйшоў за пакупкамі ў белай куртцы з чырвонымі паласой. Нападнікі з нецэнзурнай лаянкай разарвалі куртку, пад якой аказаўся такога ж колеру швэдар. За гэта ўдараў атрымаў яшчэ больш. Мужчыне ўдалося вырвацца і збегчы. І толькі ад больш дасведчанага знаёмага пазней даведаўся прычыну свайго збіцця.
Made on
Tilda