Іншыя артыкулы

Цэлы тыдзень у Беларусі не рабілі аборты

Тым часам на сайтах бальніц распаўсюджваюць ненавуковыя страшылкі наконт перарывання цяжарнасці
З 14 да 21 кастрычніка 2025 года ў Беларусі адбыўся «Тыдзень без абортаў». Увесь гэты час ва ўсіх медыцынскіх установах краіны не праводзіліся планавыя аборты (то бок аборты па жаданні жанчын).

У той жа час на сайтах бальніц размешчаны артыкулы пра перарыванне цяжарнасці, ў якіх прыводзяцца дадзеныя, якія не падтрымліваюцца большасцю медыцынскіх прафесіяналаў і аўтарытэтных медыцынскіх арганізацый.

Разбяром некаторыя з міфаў пра аборты, якія распаўсюджваюцца на сайтах бальніц.

Міф 1: «Аборты прыводзяць да бясплоднасці»

Даследванні даўно паказваюць, што няма ніякай сувязі паміж абортамі і бясплоднасцю. То бок аборты не выклікаюць бясплоднасці.

Дзе мы знайшлі міф:
сайт менскай 18-й гарадской паліклінікі.

Міф 2: «Перарыванне цяжарнасці павялічвае рызыку рака малочнай залозы»

Гэта тэорыя была папулярнай у 1980-х. З таго часу з'явілася шмат навуковых даследванняў, што тэорыю абвяргаюць. Даказана, што натуральнае перарыванне цяжарнасці (выкідыш) як і штучнае перарыванне цяжарнасці (аборт) не маюць сувязі з падвышанай рызыкай рака малочнай залозы. На сёння гэта агульнапрызнаная пазіцыя сярод медыцынскіх прафесіналаў і арганізацый (у тым ліку на ўзроўні СААЗ —Сусветнай арганізацыі аховы здароўя).

Дзе мы знайшлі міф:
сайт менскай 18-й гарадской паліклінікі,
сайт берасцейскай 6-й гарадской паліклінікі.

А цяпер факты

Аборты ў цэлым з'яўляюцца бяспечнай медычнай працэдурай (калі разглядаць аборты, якія робяцца прафесіяналамі ў адпаведнасці з рэкамендацыямі СААЗ). У развітых краінах (да якіх у дадзеным кантэксце адносіцца і Беларусь) аборты з'яўляюцца адной з самых бяспечных медычных працэдур. Напрыклад, пластычныя аперацыі ў сярэднім выклікаюць больш медыцынскіх ускладненняў, чым аборты.

Аборты нашмат менш рызыкоўныя, чым роды. Так, на 100 тысяч родаў паказчык смяротнасці 17,2 смерцяў — супраць 0.43 смерцяў на 100 тысяч абортаў (дадзеныя для ЗША, 2019 год).

Доўнатэрміновая забарона абортаў не прыводзіць да падвышэння нараджальнасці. Затое прыводзіць да падпольных абортаў ды небяспечных практык па самастойнаму перарыванню цяжарнасці — і абедзве гэтыя з'явы павышаюць рызыку негатыўных наступстваў для здароўя жанчын.

А ці шмат абортаў робяць у Беларусі?
Лічбы падаюць ужо шмат гадоў. Паводле дадзеных Белстата, на 1000 жанчын ва ўзросце 15-49 гадоў:
  • 2010 год — 13,3 абортаў
  • 2015 год — 12,7
  • 2020 год — 8,3
  • 2022 год — 7,8
  • 2024 год — 6,8
У дзяржаўную статыстыку ўключаюцца ўсе аборты — як па жаданні, так і тыя што робяцца па медычных паказаннях.

Мы не агітуем за ці супраць абортаў. Але мы ўпэўненыя, што кожная жанчына мусіць мець права самастойна прымаць рашэнне наконт сваёй цяжарнасці. І прымаць гэтае рашэнне асэнсавана, з улікам праўдзівай інфармацыі — а не пад ціскам і маніпуляцыямі.
Made on
Tilda