Пра людзей

Як жывуць «дамашнія хімікі»

Вольга Кронда з Івацэвічаў абмежаваная ў заробках напрамую (праз штрафы) і ўскосна (бо для гандлю ў выходныя не можа пакідаць жыллё)

Вольга Кронда з дачкой і прыкладамі яе ручной працы

Рамесніца з Івацэвічаў Вольга Кронда, якая адбывае тры гады «дамашняй хіміі» за каментары ў інтэрнэце пра капітана Івацэвіцкага РАУС Руслана Куцко, не ведае, як ёй жыць далей. Яна адна гадуе 5-гадовую дачку, якая пастаянна хварэе: дзяўчынка — алергік, з'явіліся праблемы са шчытападобнай залозай. Спецыялісты ёсць толькі ў вобласці, а гэта значыць, у абласных дзяржаўных медычных установах трэба плаціць. Адзін раз у месяц там жа трэба рабіць спецыяльны аналіз крыві, які каштуе больш 70 рублёў. Цяпер трэба на ультрагукавую дыягносціку (УГД) да сярэдзіны студзеня правяраць шчытавідку, таксама платна (бо на бясплатнае УГД можна запісацца не раней за красавік 2023 года). На месяц лекі абыходзяцца ў 200 рублёў. А яшчэ сказалі ўрачы, што трэба дзяўчынцы рыба і крэветкі, а таксама грэцкія арэхі. Арэхі прадала знаёмая ў лік будучай аплаты, а пра крэветкі і марыць дзяўчынцы немагчыма. Бо Вольга выплачвае за «маральныя пакуты» капітану Куцко 50 рублёў у месяц, а трэба выплаціць 3000 рублёў, яшчэ і дзяржава аблажыла штрафам у 1600 рублёў.

З заробкаў у Вольгі толькі яе рамесная дзейнасць, яна вырабляе аксэсуары і вышыўку. Але ж згодна з яе абмежаваннямі па «дамашняй хіміі», жанчыне забаронена выходзіць з дому ў выходныя і святочныя дні, то бок у тыя дні, калі можна найлепей прадаць свой тавар. Пра пяціразовыя праверкі ў суткі гаварыць ужо і не прыходзіцца. Жанчына звярталася да начальніка Івацэвіцкай міліцыі з заявай, каб дазволілі ёй гандляваць у выходныя дні. Але дазволу не атрымала. Прычынай такога стаўлення можа быць тое, што віны ў "злачынстве" Вольга не прызнала, пакаяннае відэа здымаць адмовілася.

Як напісала Вольга праваабаронцы, «мне сорамна да вас звяртацца, але ў мяне амаль не засталося сіл змагацца».
Вольга Кронда просіць людзей дапамагчы ёй з заказамі. У яе можна набыць ці замовіць вышытыя ручнікі, дзіцячыя шапачкі і ўпрыгожванні ў валасы.
Звяртацца па адрасе:
https://instagram.com/olga.kronda3301
2022-11-01 19:01